Удзельнікі “экстрэмісцкага фармавання” “Рабочы рух” нібыта планавалі на “Гродна Азот” дыверсію з гібеллю людзей. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка сказаў 15 сакавіка на сустрэчы з кіраўнічым і аператыўным складам органаў дзяржаўнай бяспекі.

Органы дзяржбяспекі ў 2021 годзе нібыта перадухілілі 11 спробаў тэрактаў. Іх, па словах Лукашэнкі, арганізоўвалі і фінансавалі з тэрыторыі Польшчы, Літвы, Украіны, ЗША, а таксама Германіі.
На думку Лукашэнкі, “спячымі ячэйкамі” праекту “Рабочы рух” кіруюць спецслужбы ЗША і Літвы. Удзельнікі руху нібыта планавалі дыверсіі на аб’ектах Аршанскага і Мінскага чыгуначных вузлоў, на прадпрыемствах “Гродна Азот”, “Гомсельмаш”, “Нафтан” і БМЗ.
“Спробы запалохаць людзей і схіліць да здрады, каб дэзарганізаваць працу найбольш буйных прамысловых прадпрыемстваў, аб’ектаў транспарту, энергетыкі, сувязі, будуць працягвацца. Інфармацыйная агрэсія будзе павялічвацца, бо на дыскрэдытацыю дзяржавы ў вачах насельніцтва кінутыя велізарныя рэсурсы”, – сказаў Лукашэнка.
Таксама Лукашэнка заявіў, што канчатковая кропка гэтай гібрыднай вайны – вайсковая агрэсія.
Ціск на супрацоўнікаў “Гродна Азот”
Як мінімум шэсць чалавек затрымалі ў кастрычніку 2021 года ў Гродне па справе “Рабочага руху”. Распачата крымінальная справа па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса – сярод іх “здрада дзяржаве” і “стварэнне экстрэмісцкага фармавання”. Затрыманых паказалі ў сюжэце СТБ.
Пасля гэтага каля 20 баларусаў, якія праходзілі сведкамі па справе “Рабочага Руху”, з’ехалі з Беларусі. У канцы 2021 года на прадпрыемстве пачалі гаварыць пра звальненні па спісах. Супрацоўнікі кажуць, што ў “спісах на звальненне” ёсць 700 чалавек. Пакуль спіс скарацілі да 100, каб не спыняць вытворчасць. У прэс-службе “Гродна Азот” і ў адміністрацыі кажуць, што гэта чуткі.


