Гродзенскі аэрапорт у вёсцы Абухава амаль спыніў працу. Большасць супрацоўнікаў адправілі дамоў. Пакінулі ахову і яшчэ некалькі чалавек, якія павінны сачыць за кацельнай. Пра гэта Hrodna.life паведамілі чытачы ў пачатку сакавіка.

У Гродзенскім аэрапорце знаходзяцца дзве арганізацыі: авіякампанія “Гродна” і Гродзенскі філіял “Белаэранавігацыі”. Авіякампанія “Гродна” прастойвае з лістапада 2021 года. Тады пад Іркуцкам разбіўся грузавы самалёт авіякампаніі, увесь экіпаж загінуў.
“На працу выходзяць каля пяці чалавек. Астатнія – па неабходнасці. Тым, хто сядзіць дома, аплочваюць 2/3 заробка. Прычыны не называюць”, – распавёў Hrodna.life чытач, знаёмы з сітуацыяй.
Праблемы “Белаэранавігацыі” пачаліся яшчэ летась
У “Белаэранавігацыі” праблемы пачаліся пасля прымусовай пасадкі самалёта кампаніі Ryanair ў Мінску у траўні 2021 года. Пасля гэтага інцыдыдэнта краіны Еўрасаюза спыніллі авіязлучэнне з Беларуссю і ўвялі санкцыі супраць кампаніі.
“У кампаніі пачаліся праблемы з працай. Адсутнасць прыбытку. З пачатку сакавіка “Белаэранавігацыя” працуе, як і авіякампанія “Гродна”: людзі прыходзяць па неабходнасці”, – сказала Hrodna.life чытачка, звязаная з прадпрыемствам.
Паветраны трафік, які абслугоўвае “Белаэранавігацыя”, па выніках трох кварталаў 2021 года зменшыўся ў параўнанні з 2020 годам на 15%, расказаў у кастрычніку 2021 намеснік гендырэктара прадпрыемства Валерыян Гродзь. Асноўны трафік кампаніі прыносіў расійскі “Аэрафлот”. Аднак у пачатку сакавіка 2022 Еўрасаюз і іншыя краіны (агулам 37) закрылі сваё неба для расійскіх авіякампаній.
Рэдакцыя Hrodna.life спрабавала атрымаць афіцыйны каментарый у Гродзенскім аэрапорце і Белаэранавігацыі. На тэлефонныя званкі і электронныя лісты ў кампаніях не адказалі.


