Сэрвіс аплаты тварам FacePay распрацавалі ў Беларусі. Зараз сістэму тэстуюць у трох сталовых Нацыянальнага банка. Пра гэта паведаміла “Экономическая газета”.

Як гэта будзе працаваць

Сэрвіс запускае сістэма плацяжоў АРІП. Каб карыстацца ім, у мабільным дадатку свайго банка кліент павінен будзе зрабіць фотаздымак. АРІП праверыць фота на вітальнасць – ці сапраўды на ім жывы твар, а не раней зробленае фота, мантаж або маска. Па выніку праверкі будзе створаны кантрольны біяметрычны шаблон з прывязкай да банкаўскага рахунку альбо іншага плацёжнага інструмента. Пасля гэтага карыстальнік зможа плаціць па тэхналогіі FacePay.

Падрабязнасці пра FacePay ад АРІП можна прачытаць тут.

Дзе такая сістэма ўжо працуе: досвед Кітаю і Масквы

Першая ў свеце сістэма FacePay з’явілася ў ЗША ў 2016 годзе. Тады прадстаўнікі MasterCard вырашылі “прымацаваць” банкаўскія карткі да твараў іх уладальнікаў. З 2017 года такім спосабам аплаты карысталіся ў кітайскім горадзе Ханчжоў у рэстаране KFC. Зараз сістэма распазнавання твару працуе ў кітайскіх супермаркетах, рэстарацыях, гатэлях, банках, метро і ў іншых грамадскіх месцах.

Зручнасць ці татальны кантроль? У Беларусі ўводзяць сістэму аплаты па твару
Сістэма FacePay у Кітаі. Крыніца: zen.yandex.ru

“Зараз у Кітаі пераважна карыстаюцца сістэмамі Alipay і Wechat [абедзве дазваляюць аплату праз QR-код – заўв. Hrodna.life] альбо Like FacePay. Але праз карткі і тэлефон выходзіць зручней” – распавёў Hrodna.life кітайскі студэнт Гамідо Ченг. Пры гэтым Alipay і Wechat з 2019 года таксама працуюць над аплатай з дапамогай твару.

Сістэма аплаты FacePay пачала працаваць у кастрычніку 2021 года на ўсіх станцыях Маскоўскага метро. 

Зручнасць ці татальны кантроль? У Беларусі ўводзяць сістэму аплаты па твару
Сістэма для Face Pay у маскоўскім метро. Крыніца: ruposters.ru

“Я не карысталася, бо зараз не вельмі часта бываю ў Маскве і не вельмі часта езжу. Але ў нас ёсць вулічныя камеры, якія таксама “чытаюць”. Не так даўно на “гасцінцы” [Гасцінны двор – заўв. Hrodna.life] перад мітынгам такія паставілі. Гэта незаконна, бо гэта ўсё праходзіць пад персанальныя дадзеныя. Але каго “хвалюе”” – распавяла Hrodna.life масквічка Анастасія Жук.

Ці бяспечныя такія сістэмы?

Расійскія праваабаронцы крытычна ўспрымаюць сістэму FacePay у маскоўскім метро. Яны хвалюцца, што ў руках аўтарытарных уладаў гэта можа ператварыцца ў інструмент татальнага кантролю. Няшмат вядома і пра бяспеку захоўвання біяметрычных дадзеных.

“Асабістыя дадзеныя выцякаюць са “Сбербанка”, яны выцякаюць з “Альфа-банка”, выцякаюць увесь час з дзяржаўных баз”, – узгадвае ў размове з DW праваабаронцы Алена Папова. Дырэктар Таварыства абароны інтэрнэту Міхаіл Клімароў таксама не рэкамендуе давяраць сістэме ўласны твар, бо пра дэталі яе працы занадта мала вядома. Пра бяспеку асабістых дадзеных і магчымы іх крадзеж папярэджвае нават праваслаўная царква.

Алена Папова прыгадвае ўжо ўсталяваныя ў Маскве больш за 220 тысяч вулічных камер з распазнаваннем твару. Вядома, што іх выкарыстоўваюць не толькі дзеля бяспекі грамадзян, але і каб вызначаць і пазней арыштоўваць удзельнікаў апазіцыйных мітынгаў.

Ці ёсць у Беларусі ўжо падобныя сістэмы

У Мінскім метро з чэрвеня 2020 года на трох станцыях (“Плошча Леніна”, “Няміга” і “Інстытут Культуры”) працуе сістэма “Смотри и проходи” ад “Беларусбанка”. Карыстацца ёй могуць уласнікі картак Mastercard любога банка Беларусі. Трэба ўсталяваць на тэлефон дадатак “Беларусбанка”, прывязаць картку і зрабіць фотаздымак. 

Зручнасць ці татальны кантроль? У Беларусі ўводзяць сістэму аплаты па твару
“Смотри и проходи” у мінсікім метро. Крыніца: zviazda.by