На вул. Сацыялістычная да травеньскіх святаў вывесяць 168 дзяржаўных сцягоў, на плошчы Леніна – 192. У Гродне праводзяць дзяржзакупку на святочнае афармленне месцаў правядзення гарадскіх мерапрыемстваў. Мяркуючы па тэрміне пастаўкі – з 3 сакавіка па 30 красавіка – упрыгожаць горад да першамайскіх святаў.
Усяго пералік работ займае 3,5 ліста. У Пышках выставяць агароджу. На Савецкай плошчы з’явяцца дзве “аркі” з дзяржаўнымі сцягамі, на плошчы Леніна – адна. Дзве канструкцыі “вожык” і адну “арку” выставяць каля Гродзенскай абласной філармоніі. Тры “вожыкі” з 25 сцягамі размесцяць у скверы Афганцаў. Па два “вожыкі” выставяць у парку Жылібера і каля Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра. Флагі і металаканструкцыі з’явяцца і ў іншых частках цэнтра.
Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка праводзіла закупку з адной крыніцы да 2 сакавіка. Каштаваць ўпрыгажэнні будуць 30 000. Гэта ў некалькі разоў танней, чым на Новы год. Сродкі на ўпрыгажэнні возьмуць з гарадскога бюджэту.
Папярэдняя закупка не адбылася.



