У некаторых гродзенскіх салонах сувязі, крамах бытавой тэхнікі і электронікі з раніцы 28 лютага пачалі мяняць кошты. Рост коштаў прадаўцы звязваюць з скачком курсу долара. У іншых салонах кошты пакуль трымаюць, але ўсюды запэўніваюць – танней ужо не будзе.
Даражэй за ўсё – у А1 і “21 век”. У “Алло” і МТС цэны пакуль трымаюць
У салонах змяніліся кошты як мінімум на тэхніку Apple. Самыя высокія – у салоне А1 і інтэрнэт краме “21 век”. Apple iPhone 13 Pro Max 256GB, калі параўноўваць з іншымі салонамі, каштуе амаль на 1000 руб. даражэй – 6847 руб. Гэта цана пры аплаце адным плацяжом і без зніжак. Праўда, калі вы абанент А1, то цана адразу зніжаецца да 5249 руб.

“Нам проста даслалі кошты і ўсё”, – адказалі ў краме А1. У растэрміноўку тэхніку Apple даюць не больш чым на 6 месяцаў, цана для абанентаў паднімецца на 100 рублёў – да 5349 руб. Па словах прадаўцоў, у сакавіку мала што павінна змяніцца.

Падняць кошты ў залежнасці ад курсу долара плануюць і ў салонах “На связи”. “Падымацца могуць кожны дзень”, – сказаў кансультант крамы.
| Apple iPhone 13 Pro Max 256GB | Apple iPhone 13 Pro Max 128GB | Смартфон Apple iPhone 11 128GB | |
| МТС | 4599 руб. | 4199 руб. | 2199 руб. |
| А1 | 5249 руб. (для абанентаў А1) 6847 руб. (поўная цана) | 4799 руб.(для абанентаў А1) 6271 руб. ( поўная цана ) | 2375 руб. |
| Алло | 4599 руб. | 3099 руб. | 2199 руб. |
| На связи | 4921 руб. | 3102 руб. | от 2353 руб. |
| 5 элемент | няма ў наяўнасці | няма ў наяўнасці | 2199 руб. |
| 21 век | 5596,16 руб. | 3199 руб. | 2199 руб. |
Самыя нізкія цэны пакуль што ў салонах МТС і “Алло”. Па словах прадаўца салона ” Алло”, пакуль гэта выгадна, калі купіць адным плацяжом. Калі браць тэлефон у растэрміноўку (12 месяцаў) або крэдыт (24 і 36 месяцаў), то цэны выраўноўваюцца з астатнімі салонамі. “Кошты ў нас не паднялі, бо ў нас такая палітыка кампаніі”, – патлумачыла дзяўчына.
У краме ёсць “суперцэны” і акцыі на некаторыя тавары. Кансультантка сказала, што не ведае, ці доўга яны пратрымаюцца: усё можа памяняцца “сёння-заўтра”.
“5 элемент”: за апошнія дні цэны выраслі на 300-400 рублёў
У краме тэхнікі “5 элемент” ў ГЦ “Triniti” удзень амаль няма людзей. Цэны на iPhone там пакуль не ўздымалі. Адсутнасць ажыятажу кансультант звязвае з тым, што сёння панядзелак і людзі на працы. У анлайн-краме адсутнічаю ўжо некаторыя пазіцыі тавараў і шмат предзамоваў.

“Пакуль што ёсць выгадныя прапановы. Па цэнніках лепш не будзе, за апошніх некалькі дзён цэны [на тэлевізары – Hrodna.life] падняліся мінімальна на 300-400 руб., нават з улікам крэдытаў”, – патлумачыў кансультант. Крэдыт у краме па ранейшаму можна атрымаць, але ужо не выдаюць льготныя. “Нічога не могуць сказаць, але прагнозы не вельмі добрыя”, – сказаў прадавец з нагоды растэрміновак.

iPhone у выставачнай зале не было, але купіць яго можна. Ён проста на складзе. “Не заплацілі за месца, таму не стаяць [кожная кампанія плаціць за месца для ўзору – Hrodna.life], тэлефон нельга патрымаць у руках, толькі ў скрынцы. Кошты спытаць у нас”, – патлумачыў кансультант.
Што з іншай тэхнікай
Тэхніка фірмы “Dyson”, вядомая і без таго высокімі цэнамі, пакуль яшчэ не падаражэла. Але многіх пазіцый на складах у “5 элеменце” і “21 веку” цяпер няма.
Чаму ўсё вакол даражэе, а рубель таннее?
Рэзкія фінансавыя змены адбываюцца праз агрэсію Расіі супраць Украіны, якая пачалася 24 лютага. Звязаныя з ёй жорсткія санкцыі Еўрасаюза, ЗША і іншых краін уплываюць на фінансавую сітуацыю не толькі ў Расіі, але і ў Беларусі.
Раніцай 28 лютага курсы даляра і еўра абнавілі гістарычны максімум і дасягнулі ў некаторых абменніках Гродна рэкордных адзнак у 3,4 і 3,8 рубля адпаведна.
У адказ на гэта Нацбанк Беларусі з 1 сакавіка павысіў стаўку рэфінансавання з 9,25% да 12% гадавых. Гэта значыць, што ў краіне падаражэюць крэдыты.
Праблемы праз санкцыі пачалі адчуваць некаторыя банкі Беларусі. У прыватнасці тыя, што з’яўляюцца “дочкамі” буйных расійскіх банках: ВТБ, БелВЭБ і іншых. Асноўнай праблемай сталі перабоі з аплатамі карткамі сістэм Visa і MasterCard.


