Драўляны дом № 13 на вуліцы Філарэта (былая частка вуліцы Горкага) рэканструююць. Будаўнікі абяцаюць захаваць гістарычны выгляд фасада. Пры гэтым плануюць узвесці двухпавярховую прыбудову.
Будынак на Філарэта, 13 збіраюцца выкарыстоўваць для бытавога абслугоўвання. Гэта значыць, што тут з’явяцца сэрвісы — напрыклад, цырульня, пральня, рамонтная майстэрня. Аб будучай рэканструкцыі паведамляе Гродзенскі гарвыканкам.
Да доміка плануюць дадаць «двухпавярховы аб’ём» — памяшканне памерам 8, 7×19, 5 метра. Мяркуючы по схеме ўчастку, яно можа з’явіцца з боку двара. На прылеглай тэрыторыі зробяць добраўпарадкаванне: паркоўку, дарожкі з цвёрдым пакрыццём, азеляненне.
Выгляд асноўнага будынка з боку праезнай часткі інвестар плануе захаваць, перадае тэлеграм-канал Urban Hrodna са спасылкай на прадстаўніка падрадчыка. Цяпер праект будынка праходзіць экспертызу. Але ў ім ужо працуюць будаўнікі - чысцяць памяшканне ад смецця. У апошнія гады дом стаяў пустым, у ім пасяліліся бамжы.
Да рэканструкцыі ёсць пытанні
Дом на Філарэта, 13 пабудавалі паміж 1934 і 1939 гадамі, распавёў Hrodna.life гісторык Мечыслаў Супрон. Асаблівасць будынка — у наяўнасці брандмаўэра, або каменнай супрацьпажарнай сцяны.
Будынак не з’яўляецца помнікам архітэктуры. Але разам з суседнімі захоўвае ўнікальнае аблічча Новага Света — квартала, дзе захавалася драўляная забудова 100-гадовай даўніны. Гэты раён уваходзіць у ахоўную зону гістарычнага цэнтра Гродна. Тут нельга змяняць планіровачную структуру, узводзіць высокія будынкі.
Чытайце таксама: Закон об охранной зоне: поможет ли новый документ спасти Гродно от разрушения
Двухпавярховая прыбудова гэтых правіл не парушае, адзначае Мечыслаў Супрон. Але рэканструкцыя, паводле слоў гісторыка, выклікае як мінімум два пытанні: «Як інвестар хоча ўзвесці новы аб’ём і пры гэтым не змяніць выгляд гістарычнага будынка? Як новы аб’ём будзе дапасаваны да архітэктурнага асяроддзя, каб не сапсаваць выгляд вуліцы?»