На тэрыторыі Беларусі ў выхадныя 19 і 20 лютага абяцаюць узмацненне ветру да 30 м/с. Як у такіх умовах арганізаваць бяспеку сабе і сваім блізкім распавёў тэлеграм-канал медыкаў.
- Не адкрывайце форткі ў вокнах, калі на вуліцы шквалісты вецер. Парыў ветру можа пашкодзіць шкло і такім чынам траўмаваць вас. Шчыльна закрыйце вокны і не адкрывайце іх, пакуль надвор’е не супакоіцца.
- Заставайцеся дома, калі гэта магчыма. Моцны вецер можа пашкодзіць альбо паваліць дрэвы, галіны, сеткі электразабеспячэння. Гэта можа быць небяспечным для вас.
- Калі непагадзь заспела вас на вуліцы, паспрабуйце схавацца ў падземным пераходзе ці ў пад’ездах будынкаў. Не хавайцеся ад моцнага ветру каля сцен дамоў. З дахаў і гаўбцоў можа падаць пакрыццё і іншыя прадметы. Не хавайцеся за прыпынкамі грамадскага транспарту, рэкламнымі шчытамі, недабудаванымі гмахамі і пад дрэвамі.
- Падчас кіравання аўтамабілем знізце хуткасць да мінімальна бяспечнай. Калі вецер не дазваляе аўтамабілю ехаць — уключыце аварыйную сігналізацыю і спыніцеся ў бліжэйшым дазволеным месцы. Кіраванне аўтамабілем падчас моцнага ветру можа пацягнуць за сабой аўтааварыю.
У суботу 19 лютага парывы ветру дасягалі 18 м/с. У службу МНС паступіла дзевяць паведамленняў аб падзенні дрэваў. Шэсць з іх упалі на праезжую частку, адно на лінію электраперадач, адно на легкавы аўтамабіль і яшчэ адно на тэрыторыю дзіцячага садка ў Гродне.
Чытайце таксама: Без электрычнасці засталося восемь населеных пунктаў. Што моцны вецер яшчэ пашкодзіў на Гродзеншчыне