69-гадовую Галіну Міхальчук з Ваўкавыска 7 лютага асудзілі на 2,5 гады калоніі за некалькі каментароў. Яе абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Галіна ўпэўненая, што калонія для яе — смяротны прысуд. Яна адзначыла, што сама працавала ў міліцыі і да яе ставіліся з павагай. Справу разглядалі ў судзе Бераставіцы і Бераставіцкага раёна. Раней Галіну ўжо асудзілі за абразу на два гады «хатняй хіміі».
На думку дзяржабвінавачання, Галіна ў канцы 2020 года абразіла прэзідэнта ў Telegram-чаце «Волковыск для жизни», «адчуваючы нянавісць да існуючага палітычнага рэжыму і канстытуцыйнага ладу» (арт. 368 КК). Таксама яна абгаварыла яго і абвінаваціла ў асабліва цяжкіх злачынствах «з мэтай падрыву аўтарытэту» (арт. 367 КК).
Пацярпелымі па арт. 369 КК «Абраза службовай асобы» выступілі старшыня Ваўкавыскага райвыканкама Міхаіл Сіцько (адзіны, хто не заявіў іск на кампенсацыю маральнай шкоды), міліцыянты АМАП Гродзенскага УУС Дар’я Бандарчук і Марыя Мазуркевіч (заявілі іскі - па 1000 рублёў), начальнік ППС Ваўкавыскага РАУС Валерый Раманчык (іск — 1500 рублёў), начальнік Ваўкавыскага РАУС Віталь Асоцкі (іск — 1500 рублёў). Абвінавачаная адзначыла, што патрабаванні ёй зразумелыя, аднак адразу яна не зможа выплаціць суму цалкам, таму прызнае іх часткова. Пенсія Галіны — 500 рублёў, паведамляе «Вясна».
Справу разглядаў суддзя Андрэй Талочка, дзяржабвінаваўцам па справе была Ала Кузьма.
Згодна з абвінавачваннем, Міхальчук пісала і паклёп у дачыненні да службовых асоб: былога начальніка ГУБАЗіК Мікалая Карпянкова, былога міністра МУС Юрыя Караева, кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Наталлі Качанавай, а таксама міліцыянта роты ППС Фрунзенскага РАУС Мінска Валуйскай, аднак яны адмовіліся пісаць заявы, згодна з якімі павінны быць распачатыя крымінальныя справы, паведамляе «Вясна».
Сведкам па справе выступіў 78-гадовы муж Галіны Іванаўны — Раман Сірык, які працуе лекарам-рэнтгенолагам у паліклініцы Ваўкавыска. Ён адзначыў, што ягоная жонка раней не карысталася інтэрнэтам і не разумее, што гэта такое. Каментары ён звязвае са станам здароўя Галіны Іванаўны і шэрагам лекаў, якія яна прымае. Раман Данілавіч быў упэўнены, што ніякага злога намеру зняважыць кагосьці яго жонка не мела.
— Я прашу вас, дзеля Бога, не караць мяне так строга, таму што… наогул для мяне гэта смяротны прысуд. Я выбачылася перад усімі і прашу прабачэння яшчэ раз. Я гатовая заплаціць штраф і што там яшчэ можа быць. Ну, можа быць, павялічыць мне абмежаванне волі, але толькі не пазбаўленне волі. У мяне муж яшчэ старэйшы, чым я. І наогул, у мяне яшчэ ёсць дзве жанчыны, мае сваякі, якія вельмі сталога ўзросту, я ім дапамагаю. Я проста… вы разумееце, я проста не перанясу. < … > Я два месяцы прабыла ў турме (да першага суда ў 2021 годзе Галіна правяла два месяцы пад вартай — Hrodna.life). Я ведаю, што гэта такое. Гэта проста невыносна, — сказала жанчына ў апошнім слове, перадала «Вясна».
Па словах Галіны, яна ў свой час была пазаштатным супрацоўнікам міліцыі, ведае, што гэта за праца, і што да яе ўсе ставіліся з павагай.
Як і прасіла дзяржабвінаваўца, Галіну асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі шляхам частковага складання пакаранняў: 1,5 года пазбаўлення волі па ч. 2 арт. 367 КК, 1,5 года пазбаўлення волі па ч. 1 арт. 368 КК, два гады абмежавання волі — па арт. 369 КК. Таксама дзяржабвінаваўца папрасіла павялічыць пакаранне да 2,5 гадоў пазбаўлення волі з-за таго, што абвінавачаная ўжо адбывае пакаранне па арт. 369 КК, паведаміла «Вясна».
Галіну ўзялі пад варту ў зале суда. Абцяжваючай акалічнасцю палічылі тое, што Галіна ўжо адбывае тэрмін па падобным артыкуле. Змякчальных абставінаў не выявілі, распавяла крыніца Hrodna.life.
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…