У вёсцы Барацін сабакі з гадавальніка жывуць ужо пяць-шэсць гадоў. Жывёл там трымалі ў цесных клетках, скучана, у антысанітарыі і цемры. Частку атрымалася выратаваць валанторам. Сам жа гадавальнік, як выявилася, працуе з 2006 года, і пачынаў з добрай рэпутацыі. Onliner.by пабываў на месцы і высветліў новыя падрабязнасці. Hrodna.life выбраў з рэпартажу самае важнае.
Скандал з пітомнікам пад Карэлічамі пачаўся з відэа. Яго зняў адзін з пакупнікоў, Яўген. Ён зацікавіўся ўмовамі, у якіх жыў яго новы гадаванец.
У аб’яве на гандлёвай пляцоўцы ёрк каштаваў 50 рублёў - у 10 разоў менш за рынкавы кошт. Прадавец патлумачыла, што ў сабакі пашкоджанае вуха. Пакупнікі сустрэліся з ёй на вакзале ў Карэлічах, туды ж яна прывезла ёрка. У сабакі не хапала некалькіх зубоў, быў аблезлы хвост і праблемы са скурай. Спаў сабака стоячы.
Тады пакупнікі спісаліся з іншымі кліентамі заводчыцы. У іх былі падобныя праблемы. Дом, у якім брахалі сабакі, знайшлі, проста прачэсваючы бліжэйшыя вёскі. Маладыя людзі зайшлі ў яго і ў хлеў. Там і запісалі відэа, якое ўсіх абурыла: сабакі без ежы і вады, у моцнай цеснаце, у фекаліях. Трох сабак у вельмі дрэнным стане яны забралі адразу: стала шкада. Усяго ж там налічылі каля 200 жывёл.
Пасля таго як ролік выклалі ў сеціва, заводчыца напісала на маладых людзей заяву ў міліцыю: нібыта ў яе знікла 29 сабак і 9 мяшкоў корму, сумарная шкода — € 30 тысяч.
Зааабаронцы і валанцёры звярнулі ўвагу на праблему. Яны напісалі на заводчыцу сустрэчную заяву з мэтай высветліць умовы ўтрымання жывёл. У суботу, 5 лютага, яна паспрабавала вывезці сабак, але мітусню заўважыла суседка і паведаміла валанцёрам, а тыя звярнуліся ў міліцыю. Яны як раз пераконвалі міліцыю дазволіць забраць жывёл на ператрымку, і супрацоўнікі імгненна прынялі рашэнне на іх карысць, распавяла Аксана Давыдзенка, старшыня Асацыяцыі зоаабарончых арганізацый.
Бус спынілі, сабак апісалі і дазволілі забраць іх на часовую ператрымку паводле дамовы. Гаспадыню забралі на допыт. Зааабаронцы кінулі покліч у сацсеткі, і на працягу дзвюх-трох гадзін валанцёры з усёй краіны прыехалі і пачалі вывозіць сабак. Адкормлівалі на хаду, ежу гатавалі проста каля Карэліцкага РАУС, распавяла валанцёрка Кацярына Сапега. Агулам удалося забраць 114 жывёл, 32 патрапілі ў Гродне ў арганізацыю"Преданное сердце".
У дзень прыезду журналістаў, 7 лютага, суседзі, валанцёры і мясцовая ўлада сабраліся каля дома, які належыць заводчыцы. Па іх словах, яны не ведалі пра тое, колькі ўсяго сабак трымае жанчына, і наколькі кепскія ўмовы. Пры гэтым суседзі заўважалі, што гаспадыня не бывае ў гадавальніку па два тыдні.
Гадавальнік з’явіўся ў вёсцы гадоў пяць-шэсць таму, адразу пасля таго, як заводчыца з Мінска купіла там дом. Спачатку там былі вялікія, байцовыя пароды. Плота і будак тады не было. Па словах суседзяў, сабакі часта зрываліся і трымалі іх у страху. Суседзі судзіліся, дэпутат і старшыня спрабавалі дамовіцца, але сабак на ўчастку рабілася ўсё больш. Што адбываецца ў самім доме, ніхто не ведаў. Усё ж з часам жанчына зрабіла пару будак, з паддонаў і сеткі збудавала плот, а на дом павесіла камеры. Праўда, суседзі лічаць, што яны не працуюць.
Пазней заводчыца выкупіла яшчэ некалькі ўчасткаў з пабудовамі. На вуліцы сабак было не больш за дзесяць. Калі з жанчынай спрабавалі пагаварыць пра іх, адказвала: «Не чапайце мяне, пакіньце ў спакоі», распавялі суседзі. Кантакт так і не наладзіўся, жыхары вёскі яе пабойваліся. На вусныя скаргі ніхто не рэагаваў, а заявы пісалі нямногія.
Вольга купляла ў гэтай самай заводчыцы котку 12 гадоў таму. Тады гэта быў вельмі паважаны гадавальнік кітайскіх чубатых і котак-сфінксаў ў Мінску, распавяла яна. Усё было легальна, жанчыне выдалі пашпарт, дамову, заводчыца правярала, ці стэрылізавалі котку новыя гаспадары. «Калі я была ў яе дома ў сталіцы, некастрыраванные каты сядзелі ў вялікіх клетках — гэта нармальна. А сабак яна ў шафе закрывала, каб тыя не брахалі. Я не веру, што тут няма катоў: яны ж велізарных грошай каштавалі, навошта з імі завязваць?», — здзіўляецца Вольга.
Цяпер сайт гадавальніка не адкрываецца. Мяркуючы па інфармацыі з аб’яў дзесяцігадовай даўніны, чубатыя з яго ўдзельнічалі ў выставах і спаборніцтвах па грумінгу. У больш свежых аб’явах цэны сталі рэзка ніжэй, у гадавальніка памяняўся адрас і асартымент.
Зараз у заводчыцы канфіскавалі не ўсіх звяроў - каля яе дамоў засталіся скуголіць сабакі, якія яшчэ не пераехалі.
Пакуль валанцёры атрымліваюць заключэнне ад ветэрынараў. Стан здароўя ў сабак дрэнны: у некаторых няма зубоў, яны знясіленыя і абязводжаныя, з носа і цмочкаў цячэ гной, пашкоджаны зрок, амаль ва ўсіх брудныя вушы і заблытаная поўсць, распавяла старшыня Асацыяцыі зоаабарончых арганізацый Аксана Давыдзенка. Візуальна сабакі падаюцца пародзістымі, але могуць быць і метысы. Для дакладнага вызначэння пароды іх трэба везці да кінолагаў. «Плюс па знешнасці некаторых адразу і не скажаш, што перад табой сабака — хутчэй брудны камяк поўсці». Сярод сабак ёсць і падлеткі.
Усе канфіскаваныя сабакі апісаны, кожнай прысвоілі нумар і сфатаграфавалі. У валанцёраў яны знаходзяцца менавіта на часовым утрыманні, гэта не іх маёмасць.
Гаспадыня не выходзіла на кантакт з валанцёрамі і не заяўляла, што хоча забраць сабак назад. Валанцёры ж плануюць дамагацца таго, каб сабак у яе канфіскавалі назусім. «Каб у доме і ў такіх умовах жыла сотня сабак — я такога ніколі не сустракала», — распавяла Аксана Давыдзенка.
З пункту гледжання Грамадзянскага кодэкса сабака — маёмасць. Каб даказаць, што ты ўласнік, патрэбныя дакументы, чэкі, чыпы і гэтак далей. Аднак на практыцы хапае таго факту, што жывёл канфіскавалі з канкрэтнага дома, запэўніваюць зоаабаронцы. Паводле 16.29 КаАП («Жорсткае абыходжанне з жывёламі або збавенне ад жывёлы») у залежнасці ад характару наступстваў вінаватаму могуць пагражаць штраф да 960 рублёў, грамадскія працы ці арышт. Менавіта па гэтым артыкуле міліцыя праводзіць праверку ў дачыненні да гаспадыні карэліцкага гадавальніка.
Артыкулам 242 Грамадзянскага кодэкса прадугледжана, што ў выпадках негуманнага стаўлення да жывёл іх могуць забраць ва ўладальніка, патлумачыла юрыстка Таццяна Равінская. Зацікаўленая асоба зможа выкупіць іх па дамоўленасці з уладальнікам або атрымаць гадаванцаў праз суд. Кошт вызначае сам уладальнік альбо суд.
Міліцыя выявіла, што жыхарка Мінска выкарыстала вясковы дом для захоўвання і размнажэння карлікавых парод сабак для продажу. Сама пастаянна на месцы не пражывала, сабакі знаходзіліся ў клетках.
У міліцыю было пададзена дзве сустрэчныя заявы. Адна ад заводчыцы аб крадзяжы 29 жывёл, другая — ад зааактывістаў і валанцёраў з мэтай высветліць умовы ўтрымання жывёл. Паводле абедзвюх заяў праводзіцца праверка, пракаментавалі сітуацыю ў прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама. 114 сабак канфіскавана. Іх перадалі валанцёрам на захоўванне і аказанне неабходнай ветэрынарнай дапамогі. «У доме сабак не засталося. Заводчыца ад міліцыі не бегае, спрыяе», — удакладнілі ў міліцыі.
На сённяшні дзень «Преданному сердцу» патрабуецца дапамога з аплатай ветэрынарных паслуг. 32 сабакі знаходзяцца на адказным захоўванні ў арганізацыі.
Дапамагчы фінансава можна праз АРІП: дабрачыннасць — абарона жывёл — Преданное сердце (код 241 285). У полі прозвішча, імя валанцёры просяць пазначыць нумар збору — «422» ці проста напісаць «Карэлічы».
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…