У Гродне плануюць распрацаваць праект зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў і помнікаў археалогіі, якія знаходзяцца на тэрыторыі горада. Аказваецца, ім не адна тысяча гадоў. Гаворка ідзе пра стаянкі ў Пышкі, лесапарку Румлёва і лесапарку ў раёне вул. Солы.

Што за аб’екты?

  • Селішча перыяду ранняга жалезнага веку і стаянкі перыяду каменнага, бронзавага вякоў і сярэднявечча (вул. Солы) — канец 1 тысячагоддзя да н. э.-пачатак 1 тысячагоддзя н. э.,
  • Стаянкі перыяду канца бронзавага веку-пачатку жалезнага веку 11−9 тысячагоддзя да н.э. (Румлёва). Стаянка Румлёва-II размешчана на паўднёва-ўсходняй ускраіне лесапарку Румлёва на самай высокай у гэтым месцы левабярэжнай тэрасе Нёмана. Стаянка размечаная ў 20−30 м на ўсход ад Румлёва I. Абедзве стаянкі аддзяляе палявая дарога. Археолаг Віктар Абухоўскі ў 1999 г. выявіў і абследаваў невялікі крамянёвы інвентар, сабраны ў верхняй частцы глыбокага рова. Раскопкі не праводзіліся. Знойдзеныя крамянёвыя вырабы датуюцца канцом бронзавага-пачаткам жалезнага веку (II-I тыс.да н. э.).
  • Стаянка перыяду канца каменнага стагоддзя 10−2 тысячагоддзе да н.э. (Пышкі). Стаянка размешчана ў лесапарку Пышкі на высокай 10-метровай правабярэжнай тэрасе Нёмана, якая цягнецца паміж былым піянерлагерам «Нёман» і «Веселые ребята». Паверхня стаянкі парасла лесам, пашкоджана акопамі і ямамі. На яе тэрыторыі размешчана таксама старыя могілкі. Артэфакты былі сабраныя на тэрыторыі каля 650×140 м, таму тэрыторыя помніка вызначаецца ўмоўна гэтымі памерамі. У 1925 г. тэрыторыю абследаваўшы 3ігмунд Глогер, які знайшоў нуклеус (кавалак каменя — Hrodna.life) свідэрскай культуры. Помнік выявіў і абследаваў у 1997 г. Віктар Абухоўскі. Паводле яго даследаванняў, стаянка датуецца перыядам мезаліту, магчыма, кудлаеўскай або каморніцкай культуры. Тэрыторыя помніка вызначана прыкладна, неабходныя дадатковыя археалагічныя даследаванні для больш дакладнага выяўлення межаў.

Колькасць аб’ектаў могуць нязначна скарэктаваць пасля ўзгаднення з Міністэрствам культуры.

Цяпер аб’ектах прысвоена катэгорыя «3». Гэта гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія маюць значэнне для асобнага рэгіёну краіны. Катэгорыя «3» прысвойваецца аблвыканкамамі, астатнія катэгорыі - Міністэрствам культуры. Цяпер ахоўнае абавязацельства па гэтых аб’ектах выконвае Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка.

Што зробяць?

Распрацоўшчык выканае натурныя даследаванні, складзе гісторыка-архітэктурны апорны план, план ландшафтнага аналізу архітэктурных ансамбляў. Таксама ён вызначыць межы і рэжым утрымання зон аховы і складзе навуковую справаздачу аб археалагічных даследаваннях. Пазней ён зацвердзіць праекты зон аховы ў Міністэрства культуры.

Закупку з адной крыніцы завяршыла Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка. Арыенціровачны кошт — 9 495 рублёў з бюджэтных сродкаў. Распрацоўку плануюць правесці з 7 сакавіка да 6 чэрвеня 2022 года.