У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 3 лютага вынеслі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да юрысткі Алены Ягорычавай і слесара Ігара Пазнякова. Палітвязняў абвінавачвалі у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт 342 КК) і гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК РБ), паведамляе “Вясна”.
Справу разглядаў суддзя Віталь Лабоцкі. Дзяржабвінаваўца — пракурор Алена Дайліда. Мужа і жонку Алену Ягорычаву і Ігара Пазнякова затрымалі 30 верасня 2021, да суда яны ўтрымліваліся ў СІЗА турмы №1 Гродна. Прысуд павінен быў быць агучаны 24 студзеня, аднак па прычыне хваробы суддзі пасяджэнне перанеслі і яно працягнулася 3 лютага.
У чым абвінавачвалі гродзенцаў?
Паводле абвінавачвання, Алена Ягорычава і Ігар Пазнякоў 6 верасня 2020 года па папярэдняй змове паміж сабой і іншымі неўстаноўленымі падчас следства асобамі, “адчуваючы нянавісць да існуючага палітычнага рэжыму і канстытуцыйнага ладу”, прынялі ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем прадстаўнікам улады на тэрыторыі Гродна каля дома 10 па вуліцы Гарнавых, “натхняючы сваімі паводзінамі іншых у мэтах падахвочвання ў іх пачуцця неабходнасці ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», стаўшы ў шэраг і арганізавана узяўшыся за рукі, утварылі “счэпку”, дэманструючы свой намер аказваць відавочнае непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Алена Ягорычава. Фота: “Вясна” 
Ігар Пазнякоў. Фота: “Вясна”
Алену Ягорычаву таксама абвінавачваюць у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка АМАПу. Паводле версіі дзяржабвінаваўцы, жанчына ўжыла гвалт «нанёсшы не менш за адзін удар правай рукой у вобласць твару і шыі, пасля чаго ажыццявіла захоп правай рукой за маску і шыю пацярпелага, прычыніўшы яму фізічны боль і пабоі».
Дзяржабвінаваўца запатрабавала для Алены Ягорычавай два гады абмежавання волі па ч.1 арт. 342 КК і два гады пазбаўлення волі па арт. 364 КК. Па сукупнасці – два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Ігару Пазнякову па ч.1 арт. 342 КК – абмежаванне волі тэрмінам на два з паловай гады з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Ігара вызвалілі ў зале суда пасля вынясення прысуду.
Бацька – прыхільнік камунізму
Алена – дачка выкладчыка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы Уладзіміра Ягорычава. Уладзімір – член камуністычнай партыі, на старонках дзяржпрэсы ён разважаў аб «генацыдзе беларускага народа» і «Дні народнага адзінства».
Начальства прасіла не пазбаўляць волі
У судзе цягам разгляду справы агучылі хадайніцтвы працоўнага калектыву ААТ “Дарожна-будаўнічы трэст”, які просіць у выпадку абвінаваўчага прысуду Ігару Пазнякову не прызначаць пакаранне, звязанае з пазбаўленнем альбо абмежаваннем волі з накіраваннем у папраўчыя ўстановы закрытага тыпу, каб ён змог выконваць свае працоўныя абавязкі. Таксама прыкладалася характарыстыка з месца працы.
Такое ж хадайніцтва і характарыстыка далучаныя за подпісам дырэктара і ад працоўнага калектыву з месца працы Алены Ягорычавай.
Абаронца адзначыла, што дзеянні, за якія вінавацяць Пазнякова, разглядаліся следствам яшчэ ў 2020 годзе, аднак па выніках разгляду 9 сакавіка 2021 года была вынесена пастанова аб спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да Ягорычавай і Пазнякова.
Алена Ягорычава прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 17.1 КаАП “Дробнае хуліганства”, а Пазнякоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 23.34 КаАП і па арт 17.1 КаАП за расклейванне налепак “Я выходжу”.
Гэты прысуд – не першы ў Гродне
За акцыю пратэсту 6 верасня 2020 года ў Гродне ўжо асудзілі не менш за 18 чалавек – гэта толькі тыя выпадкі, якія трапілі ў поле зроку журналістаў і праваабаронцаў. Апошнія кажуць, што праз год у горадзе затрымалі дзясяткі чалавек, якіх чакае суд паводле арт. 364 КК і (або) арт. 342 КК. Паводле інфармацыі Hrodna.life, асудзіць за гэтую акцыю могуць да 400 чалавек – столькі чалавек праваахоўныя органы выявілі. Крымінальную справу можна параўнаць з падобнай «карагоднай справай» у Брэсце.
Чытайце таксама: Гродзенскі аналаг “карагоднай справы”: за адну акцыю пратэсту ў верасні 2020 года судзяць дзясяткі чалавек



