Гродзенец Вітаўт Руднік выдаў кнігу пра футбольных чэмпіёнаў. Пра гэта аўтар паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook. Кніга мае назву «Вялікая кніга чэмпіёнаў. 1908−2018». Пра дзесяцігадовую гісторыю яе напісання і планы пра новыя кнігі Вітаўт распавёў Hrodna.life.

10 гадоў працы і наклад усяго 50 асобнікаў: гродзенец напісаў даведнік пра футбольных чэмпіёнаў
«Вялікая кніга чэмпіёнаў. 1908−2018». Фота: Старонка Вітаўта Рудніка ў Facebook.

«Было не багата забаваў для дзяцей і футбол быў адным з улюблёных заняткаў»

Захапляцца футболам Вітаўт пачаў у дзяцінстве, калі гэтая гульня была адным з улюблёных заняткаў хлопца.

«У маёй вёсцы на Астравеччыне было не багата забаваў для дзяцей і футбол быў адным з улюблёных заняткаў. Ад ранняй вясны да позняй восені я ганяў з сябрамі мяч на крывым полі. А зімой рупліва запісваў у сшытачак звесткі пра гульцоў мінскага „Дынама“. Так і нарадзілася захапленне цікавымі лічбамі і фактамі, звязанымі з футболам», — распавёў Hrodna.life Вітаўт Руднік.

Патрэбную інфармацыю шукаў у бібліятэках і нават у газеце французскіх камуністаў

Ідэя напісаць кнігу пра ўсіх футбалістаў і трэнераў, якія вызначыліся перамогамі ў наймацнейшых турнірах свету, узнікла ў Вітаўта ў студэнцкія гады. Ён навучаўся на гістарычным факультэце ГрДУ імя Янкі Купалы і жыў у інтэрнаце з кампаніяй некалькіх апантаных футболам людзей.

10 гадоў працы і наклад усяго 50 асобнікаў: гродзенец напісаў даведнік пра футбольных чэмпіёнаў
Витовт Рудник. Фото: Hrodna.life

«Інтэрнэту тады не было і патрэбную інфармацыю даводзілася шукаць у бібліятэках, рэдкіх даведніках. Будзеце смяяцца, але адной з крыніц інфармацыі была газета французскіх камуністаў „L'Humanité“, якую можна было знайсці ў бібліятэцы замежных выданняў на вул. Ажэшкі. У гэтай газеце былі агляды чэмпіянату Францыі, кароткія навіны пра чэмпіянаты іншых краін, дзякуючы чаму можна было здабываць часам інфармацыю пра патрэбных мне людзей. Звесткі пра іх я запісваў на картках. У выніку атрымалася „картатэка“ з амаль 10 тыс. картак, якія захоўваліся ў некалькіх скрынях з фанеры», — сказаў Вітаўт.

Усю гэтую інфармацыю Вітаўт перанёс у камп’ютар у другой палове 1990-х — працэс заняў некалькі год. У 2006 годзе ў Вітаўта ўжо выходзіла кніга, якую ён прысвяціў чэмпіёнам свету па футболе. Потым, па задуме, павінны былі з’явіцца асобныя кнігі прысвечаныя чэмпіёнам Еўропы, чэмпіёнам Паўднёвай Амерыкі, а таксама пераможцам Алімпійскіх гульняў. Але аўтар вырашыў аб’яднаць гэта ўсё «пад адным дахам». Так Вітаўт напісаў энцыклапедычны даведнік — «Вялікая кніга чэмпіёнаў. 1908−2018».

Пісаў кнігу больш за 10 гадоў

«Праца над кнігай заняла больш за 10 год. Гэта звязана з тым, што я быў моцна заняты сваёй адукатарскай і грамадскай дзейнасцю і пісаць даводзілася ў рэдкія вольныя гадзіны. Да таго ж шмат часу сыходзіла на пошук інфармацыі пра некаторых асобаў. Адна справа здабыць звесткі пра якога-небудзь італьянца, які перамагаў на Алімпіядзе 1936 г. альбо чэмпіянаце свету 1938 г. і зусім іншая — здабыць звесткі, да прыкладу, пра парагвайца Антоніа Гомеса, які перамагаў у чэмпіянаце Паўднёвай Амерыкі 1953 г.», — распавёў Вітаўт.

Шмат часу ў аўтара сышло на тое, каб вызначыцца з правільнай транслітарацыяй прозвішчаў на беларускую мову. «Да прыкладу, алімпійскі чэмпіён 1948 г. Torsten Lindberg кірыліцай звычайна пісаўся як Торстэн Ліндберг, у той час як па-шведску яго імя і прозвішча выгаворваецца як Тоштэн Ліндбары. Давадзілася прымаць няпростыя рашэнні і пра тое, як транслітараваць на беларускую мову асобныя назвы клубаў і гарадоў. Напрыклад, у даведніку замест назвы „Баварыя“ вы сустрэнеце „Баерн“, а замест Лейпцыга — Ляйпцыг. Ну і асобным квэстам быў пошук ілюстрацый для выдання. Ну але ў выніку ўсё атрымалася», — сказаў аўтар.

Чытайце таксама: «Радзіма шэпча: „Валіце адсюль“». Як сям’я гродзенцаў займаецца адукацыяй пенсіянераў і журналістаў

«Большая частка накладу пойдзе на падарункі і разыйдзецца на невялікіх прэзентацыях»

Выдала кнігу мінскае выдавецтва «Медысонт». Наклад пілотнага выдання ўсяго 50 асобнікаў. Выдаць кнігу планавалі вясной 2020 года, але не ставала грошай і часу. Потым складанасці выклікалі пандэмія і палітычная сітуацыя ў краіне.

«Гэта ўсё паставіла крыж на планах прыцягнуць салідных спонсараў, зрабіць вялікі наклад, зладзіць прэзентацыі ў Гродна і Менску. Я вельмі ўдзячны людзям, якія дапамагалі мне ахвяраваннямі. Думаю, што большая частка накладу пойдзе на падарункі і разыйдзецца на невялікіх прэзентацыях», — распавёў Вітаўт.

Выстаўляць кнігу на продаж аўтар пакуль не плануе.

Ужо ёсць 75% матэрыялу для наступнага даведніка

У планах на будучыню ў Вітаўта выдаць кнігу з умоўнай назвай «Кавалі перамогаў». «Ужо маю падрыхтаваны на 75% матэрыял для наступнага даведніка. Кніга будзе прысвечана трэнерам, якія прыводзілі свае дружыны да перамогаў на кантынентальных турнірах: Кубка Азіі, Кубка Амерыкі, Кубка Афрыканскіх Нацый, Кубка Акіяніі, Кубка Цэнтральнай і Паўночнай Амерыкі, чэмпіянаце Еўропы».

Таксама ў «замарожаным» стане пакуль чарнавы варыянт кнігі пра пераможцаў Лігі чэмпіёнаў. Аўтар таксама выношвае канцэпцыі яшчэ як мінімум двух даведнікаў.

«Мне б яшчэ парачку жыццяў - і беларуская бібліятэчка гісторыі футбола дакладна б узбагацілася», — кажа Вітаўт Руднік.