Туалет, пакой маці і дзіцяці і тактыльныя ўказальнікі з’явяцца ў міжгароднім аўтавакзале ў Гродне пасля рэканструкцыі. На час рамонту будынак вакзала перастане працаваць. Інфармацыя пра гэта з’явілася на сайце дзяржзакупак.

У будынку з’явіцца туалет

Праектам прадугледзелі 10 месцаў для працы за камп’ютарам. У будынку з’явіцца грамадскі туалет — стары на вуліцы не дэмантуюць. Таксама ў будынку будзе пакой адпачынку кіроўцаў, пакой прыёму ежы і памяшканне для прыбіральшчыц. З’явіцца пакой маці і дзіцяці.

Над касамі размесцяць інфармацыйнае табло з раскладам руху. Табло з інфармацыяй аб адпраўленні ўсталююць на кожнай платформе і ў зале чакання. Таксама ў абноўленым аўтавакзале будзе шматмоўны тэрмінал па продажы білетаў і даведачны тэрмінал. Усталююць сістэму відэаназірання для міжгародняга і прыгараднага аўтавакзалаў.

У будынку цалкам заменяць трубаправод і прадугледзяць унутранае супрацьпажарнае водазабеспячэнне. Як добраўпарадкуюць тэрыторыю, вырашаць пазней пры аднаўленчых працах.

Калі пройдзе рамонт?

Да 3 лістапада 2021 года выбіраюць праектную арганізацыю для змены праектнай дакументацыі. Калі пройдзе сама рэканструкцыя, пакуль невядома.

Унясенне змяненняў у дакументацыю будзе каштаваць 20 000 рублёў. Сродкі возьмуць з абласнога бюджэту. Падрадчык павінен актуалізаваць праектную дакументацыю ад «Гроднажылпраект» і пералічыць каштарыс на дату пачатку распрацоўкі каштарыснай дакументацыі — 1 лістапада 2021 года.

Рэканструкцыю, згодна з дакументам, запланавалі яшчэ ў 2018 годзе. Тады казалі, што яна пачнецца ў красавіку 2020 года. Рэканструяваць будынак будзе «Гроднажылпраект». Паводле разлікаў 2019 года, праект мог каштаваць 4 млн рублёў.

Як аўтавакзал будзе працаваць падчас рамонту?

Падрадчык павінен прадугледзець у праекце забеспячэнне тэхнічнага кіравання пасажыраперавозкамі. Гэта значыць, сістэма дыспетчарызацыі, гучная сувязь, аўтаматызаваная сістэма аплаты, інфармацыйныя кіёскі і стэнды, сістэма сувязі кліент-касір і інфармацыйна-даведачная служба будуць працаваць.

Будынак будзе даступны людзям з інваліднасцю

Будынак аўтавакзала зробяць даступным для фізічна аслабленых асоб (ФАА) (асобы, якія адчуваюць цяжкасці пры самастойным перамяшчэнні, атрыманні паслуг, неабходнай інфармацыі, пры арыентаванні ў прасторы, а таксама інваліды, грамадзяне сталага ўзросту, асобы з часовымі або ўстойлівымі парушэннямі здароўя, цяжарныя жанчыны, асобы з дзецьмі ва ўзросце да трох гадоў, іншыя асобы, якія адчуваюць цяжкасці пры перамяшчэнні і (або) спажыванні паслуг — Міністэрства працы і сацыяльнай абароны).

Акрамя гэтага, даступнае асяроддзе зробяць для інвалідаў-калясачнікаў і інвалідаў па зроку. Для апошніх арганізуюць тактыльныя паказальнікі.