Гродзенец Дзмітрый Фурманаў пакінуў Беларусь. Цяпер ён у бяспецы і знаходзіцца ў Кіеве, расказаў ён 26 кастрычніка ў інтэрв'ю «Медыязоне». 21 кастрычніка ён выйшаў на волю з ВК-3 у гарадскім пасёлку «Віцьба».

«Магчыма, цяпер бы сядзеў»

Дзмітрый Фурманаў распавёў у інтэрв'ю, што пачаў займацца палітычным актывізмам, таму што з-за пандэміі не мог уладкавацца на працу. У яго застаўся неадбыты адміністрацыйны арышт за падзеі 29 траўня 2020 года. «Дзесяць сутак прысудзілі, яны да гэтага часу ў мяне вісяць. Магчыма, калі б я застаўся ў Беларусі, цяпер бы сядзеў гэтыя суткі. І яшчэ сем дзён мне далі за той дзень, калі тапак», — распавёў ён.

Дзмітрый Фурманаў — палітвязень, якога асудзілі па «справе Ціханоўскага». Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК «Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Па словах пракурора, Фурманаў дапамагаў шукаць Ціханоўскаму саўдзельнікаў за ўзнагароджанне. Шэсць сутак ён і яго дзяўчына Вольга трымалі галадоўку. Улетку 2020 года дзяўчына і мама палітвязня абвяшчалі галадоўку, каб дапамагчы Дзмітрыю. Падчас судовага следства Дзмітрый правёў некалькі тыдняў у карцэры турмы № 1 Гродна. Пасля вынясення прысуду яго накіравалі ў ПК № 3 у гарадскім пасёлку Віцьба. Амаль увесь час у калоніі, пасля пераводу з СІЗА № 1 Гродна, ён правёў у карцэры.

Чытайце таксама:

Пакінуў заўвагу пра прыбіральню ў судзе, дзе яго судзілі

«[Актывізм] раней пачаўся, не ў тую вясну. Я пачаў задавацца пытаннямі па камунальных плацяжах, часта пакідаў заўвагі ў кнігах скаргаў і прапаноў, калі мяне нешта не задавальняла. Нават у судзе, у якім мяне судзілі пасля, я два гады таму пакінуў заўвагу, што там туалет не адпавядае патрабаванням».

Будзе пра што пагаварыць са Святланай Ціханоўскай

«Я да гэтага часу яе не бачыў, так. І я з нецярпеннем чакаю сустрэчы з ёй. Нам ёсць аб чым пагаварыць, я спадзяюся. Ну, і вядома ж, трэба будзе дачакацца Сяргея. Абавязкова. Таксама ёсць шмат чаго абмеркаваць.

Наогул тое, што зрабіла Святлана, гэта фантастыка, тое, што зрабілі сябры ініцыятыўнай групы ў тым ліку… Ну гэта была авантура хутчэй. А Святлана ўжо дзейнічала па свайму закліку сэрца. Яе блізкі каханы чалавек знаходзіўся за кратамі, і нічога іншага не заставалася, як змагацца за свайго мужа. Гонар і хвала ёй за гэта".

Пра ціск у турме

«Пасля некалькіх пасяджэнняў на мяне пачалі аказваць пэўны ціск у турме — гэта ў лютым ужо было. То бок павесілі на мяне прафілактычны ўлік без падстаў якіх-небудзь. Спачатку павесілі прафулік па катэгорыі «схільны да нападу на адміністрацыю і захопу закладнікаў», хоць у мяне на той момант нават артыкул не пасаваў: падазрэнні па 364 артыкуле ўжо былі знятыя. Я не разумеў, да чаго гэта прывядзе. Але гэта аказалася дадатковымі складанасцямі ў плане нашэння кайданкоў, калі едзеш, дапусцім, у суд, калі ідзеш на шпацыр у дворык.

Другі прафулік — па катэгорыі «экстрэмісцкая і іншая дэструктыўная дзейнасць». Гэта ўжо было пасля павешана мне ў калоніі, прычым гэта было агучана як: «Ну, у цябе ўжо ёсць прафулік, якая табе розніца, тыпу атрымаеш яшчэ адзін, нічога не зменіцца». Ну, я окей. Усё роўна ж я нічога не змагу там сказаць, маё меркаванне не будзе ўлічана.

Але гэта ладна, што на мяне там прафулік павесілі - мяне якраз тады змясцілі ў карцэр за тое, што я не сеў на лаўку, а сядзеў на ложку".

Аб карцэры і ШЫЗА

«Першы час здаецца, што з’язджаеш з глузду. Гэта складана, але чалавек гэта такая істота, якая прывыкае да ўсяго. На той момант я думаў, што горш за карцэр [нічога] няма, таму што гэта турма ў турме. Але, аказваецца, яшчэ ёсць ШЫЗА, і, я думаю, яшчэ горш за ШЫЗА ёсць нейкія рэчы. Але ў карцэры, у адрозненне ад ШЫЗА, цябе яшчэ водзяць на прагулкі як у звычайнай камеры — на гадзіну ў дворык. І табе даюць на ноч пасцельныя прыналежнасці: матрац, падушку і іншае, коўдру там. А ў ШЫЗА гэтага няма».

Аб дзяўчыне

«Олю (актывістка Вольга Каракіна, з’ехала ад пераследу ў Літву — Hrodna.life) я ў апошні раз бачыў 29 мая 2020 года. Цяпер яна за мяжой, я з нецярпеннем чакаю нашай сустрэчы. Зараз перыядычна з ёй па відэасувязі размаўляю. На жаль, мы з ёй пакуль не можам абняцца, але гэта лепш, чым нічога. Оля перыядычна плача, я сябе стрымліваю, спрабую падтрымаць яе. Засталося зусім трошкі, і мы будзем разам».