Барыса Ляшкевіча і Леаніда Клімава 17 верасня засудзілі да двух гадоў «хіміі» — столькі і запатрабаваў дзяржабвінаваўца. Іх судзілі паводле ч. 1 арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
Іх абвінавацілі ў тым, што 9 жніўня каля 22.00 яны ўсталі ў счэпку каля Фарнага касцёла. Пасля прысуду іх адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе ў зале суда. Гродзенцы правялі пад вартай каля трох месяцаў. Ляшкевіч будзе абскарджваць прысуд. Ці будзе абскарджваць Клімаў, пакуль невядома.
Раней блізкія Ляшкевіча адмаўляліся ад каментароў Hrodna.life. Пра затрыманне веласіпедыста Леаніда Клімава ў студзені Hrodna.life пісаў да таго, як ён стаў фігурантам крымінальнай справы. Ён заявіў, што яго білі, пакуль ён не сказаў пароль ад тэлефона.
Па падзеях 9 жніўня 2020 года чакаюцца і іншыя судовыя працэсы.
Што адбылося ўвечары 9 жніўня?
Пасля заканчэння галасавання гродзенцы збіраліся ў розных частках горада. Некаторых жорстка затрымаў АМАП. Па горадзе перасоўвалася спецтэхніка. Таксама на Савецкай плошчы затрымалі практычна ўсіх журналістаў.
Каго яшчэ асудзілі за 9 жніўня 2020 года?
Раней за падзеі 9 жніўня ў Гродне судзілі Сяргея Рымшу паводле арт. 364 КК. Яму прысудзілі 3,5 года калоніі агульнага рэжыму. Паводле версіі следчых, ён кінуў камень у мікрааўтобус з АМАПам.