Увосені 2021 года на скрыжыванні вуліцы Дзяржынскага і плошчы Тызенгаўза Гродзенская жыллёва-камунальная гаспадарка плануе ўстанавіць светлафор. Кошт закупкі і выканання працы па ўстаноўцы — 134 478 рублёў, паведамляе сайт дзяржзакупак. Гэта больш за $ 50 тысяч. На скрыжыванні ўжо вядуцца падрыхтоўчыя працы.
У ліпені 2021 года на плошчы Тызенгауза змянілі арганізацыю дарожнага руху. Пешаходны пераход ад гарвыканкама да Гродзенскага ўпраўлення архітэктуры, перанеслі ў новае месца. Зараз ён знаходзіцца паміж плошчай Леніна і крывой афіцынай.
Колькі каштуе светлафор
Згодна з сайтам deal.by, cветадыёдны транспартны светлафор з убудаваным індыкатарам зваротнага адліку часу каштуе 995 рублёў. Кошт закупкі значна большы, бо акрамя светлафора ўлічваюцца, падрыхтоўчыя працы, установачныя і электра-мантажныя працы.
Прыкладны кошт устаноўкі светлафора 80 — 120 тысяч рублёў, паведамляў у 2018 годзе сайт sb.by.
Высвятліць у гродзенскай ЖКГ, колькі светлафораў усталёўваюць штогод і колькі каштуе іх абслугоўванне, у рэдакцыі Hrodna.life не атрымалася. Ва ўпраўленні ЖКГ не адказваюць на тэлефонныя званкі. У адзеле агітацыі і прапаганды ДАІ Hrodna.life прапанавалі выслаць пытанні ў пісьмовай форме.