Гродзенская крама “Ратушный” на вуліцы Савецкай, 1, якую закрылі ў канцы чэрвеня, 26 жніўня зноў адкрылася. Тэрыторыя крамы паменшылася, а ў памяшканні кафетэрыя адкрыецца аптэка, піша “Вечерний Гродно”.
Пачаткова планавалася, што “Ратушный” пераедзе ў памяшканне былой крамы “Связной” каля крамы “Баторыя”. Але па словах дырэктара “ГроднаГандальСэрвіс” (уласніка крамы) Уладзіміра Сычэўскага змяніць планы прыйшлося з-за “неабыякавасці гродзенцаў, якія пастаянна прыходзілі ў краму за пакупкамі”.

У “новай” краме паменшылася плошча. Раней “Ратушный” займаў 300 кв.м, зараз 130 кв.м. На астатняй тэрыторыі размясцілі гандлёвую кропку абутку ад гродзенскай фабрыкі “Нёман”. У памяшканні былога кафетэрыя адкрыюць аптэку.
“Ратушный” будзе працаваць штодзённа з 9:00 па 19:00 (у выхадныя да 18:00).
Што было раней у гэтым будынку?
Крама «Ратушный» знаходзіцца па адрасе вул. Савецкая, 1. Пры каралі Стэфане Баторыі на гэтым месцы знаходзілася карчма. У XVIII стагоддзі – палац Сангушак, які пазней перайшоў да Антонія Тызенгаўза. У сутарэннях будынка знаходзіліся гродзенскія вінныя паграбы, а зараз — прыватная пякарня.
На пачатку ХХ стагоддзя ў будынку былі жылыя кватэры, крамы абутку, бакалеі і каланіальных тавараў, аптэка Клінкаўштэйна, банкаўская кантора, а таксама фотамайстэрня Лейбы Гельгора.
У міжваенны перыяд тут знаходзілася прадстаўніцтва фірмы «Зінгер», крама адзення «Мадэрн», крама ровараў і матацыклаў, радыё-фотапаратуры і электратавараў, а таксама турбюро «Орбіс».
У савецкія часы тут адкрылі дыетычную сталовую, а пасля краму «Игрушки».


