Гродзенскую грамадскую арганізацыю “Цэнтр “Трэці сектар”” будуць ліквідаваць. Судовае пасяджэнне прызначана на 3 верасня. Пра гэта паведаміла старонка арганізацыі ў Facebook. Пра суд кіраўнік арганізацыі Вітаўт Руднік даведаўся ад сябра, які знайшоў інфармацыю на сайце абласнога суда.
“Нягледзячы на тое, што мы, як і яшчэ амаль дзве сотні іншых арганізацый, рыхтаваліся менавіта да такога сцэнару, я моцна расстроены, – распавёў Hrodna.life старшыня праўлення “Цэнтра “Трэці сектар”” Вітаўт Руднік. – Гэта ўдар не столькі па нас, колькі па людзях, для якіх мы працавалі. Найперш балюча за сталых людзей – студэнтаў УЗВ (Універсітэт Залатога Веку – заўв. Hrodna.life), для якіх наш Універсітэт быў не толькі навучальнай пляцоўкай, але і месцам сустрэч, сяброўства і падарожжаў”.
Арганізацыя плануе перафарматавацца і працаваць дыстанцыйна са сталымі людзьмі, маладымі журналістамі і грамадскімі актывістамі.
“Я веру, што будучыня за дабром і святлом, а не за цемрашаламі, якія зараз ліквідуюць грамадскі сектар, каб утрымаць сваю ўладу”, – сказаў Вітаўт Руднік.
Раней, 21 чэрвеня, Упраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама запатрабавала ад арганізацыі прадставіць мноства дакументаў за 2018−2021 гады. Была распачата пазапланавая праверка. 14 ліпеня офіс арганізацыі “Трэці сектар” ускрылі без прысутнасці сябраў арганізацыі. Там адбыўся вобшук.
Грамадская арганізацыя «Цэнтр «Трэцi Сектар» працуе з 1997 года. З часу свайго заснавання яна займаецца развіццём грамадскай супольнасці і інфармацыйнай падтрымкай грамадскіх ініцыятыў, медыяадукацыяй, працай са сталымі людзьмі.
Акрамя арганізацыі “Цэнтр “Трэці Сектар”” у Гродне ліквідуюць прыватную ўстановую адукацыі “Студыя карысных кампетэнцый” і грамадскую арганізацыю “ВелаГродна”.


