Гродзенскае тралейбуснае ўпраўленне планавала працягнуць участкі тралейбуснай кантактнай сеткі на вуліцы Лебедзева і Магістральнай. Гэта вынікае з тэндара, размешчанага на icetrade.by. Але ў тэлефоннай размове з карэспандэнтам Hrodna.life у тралейбусным упраўленні гэтую інфармацыю абверглі. Ёсць верагоднасць, што замест падаўжэння кантактных сетак падоўжаць некаторыя маршруты.

У гродзенскі мікрараён Грандзічы могуць пусціць тралейбусы
Гродзенскі тралейбус. Фота: Hrodna.life

«Планаваць складана, але калі з часам мы атрымаем новыя тралейбусы, то будзем далей развіваць маршруты. Зараз гарвыканкам разглядае запуск транспарта ў новы мікрараён Грандзічы. Бо людзям трэба дзяцей вазіць у садкі і школы. Але пакуль што нічога нельга сказаць, тут як вырашыць гарвыканкам», — распавёў Hrodna.life дырэктар Гродзенскага тралейбуснага ўпраўлення Віктар Шарэйка.

«Праект падаўжэння кантактнай сеткі планаваўся за сродкі тралейбуснага ўпраўлення, — распавёў Hrodna.life намеснік галоўнага інжынера па будаўніцтве Павел Кучынскі. — Але спадзяемся, што з’явяцца новыя маршруты і звяжуць Грандзічы з гарадскімі прадпрыемствамі».

Датэлефанавацца ў гарвыканкам, каб атрымаць каментар, у рэдакцыі Hrodna.life не атрымалася.

Летась ў Гродне з’явіліся тры новыя тралейбусныя маршруты: № 20 (Вішнявец — Дзевятоўка), № 21 (Альшанка — КПП «Гродна-Азот»), № 23 (вул. Адэльская — вул. Саяпіна). Маршруты № 7 і № 14 былі працягнуты да ЖК Каўбасіно.