Квартал на 57 участкаў з таўнхаусамі з’явіцца ў мікрараёне Баранавічы-9. Гродзенцы змогуць паўдзельнічаць у абмеркаванні планіроўкі і архітэктуры новага аб’екта з 4 па 30 жніўня.

Пра пачатак грамадскага абмеркавання праекта «Група аднакватэрных блакаваных жылых дамоў у мікрараёне «Баранавічы-9» у г. Гродна» інфармуе сайт Гродзенскага гарвыканкаму. 

Згодна з праектам у Баранавічах-9 прапануюць пабудаваць 1-2-павярховыя блакаваныя жылыя дамы з індывідуальнымі ўчасткамі. Агульная колькасць участкаў – 57. На кожным з іх прадугледжана адно парковачнае месца і гаспадарчая пабудова.

Да таунхаусов з боку вуліц плануюць зрабіць заезды з цвёрдым пакрыццём. У мікрараёне хочуць пракласці тратуары і веладарожкі, іх працягласць – больш за 2 кіламетры. Месцы, свабодныя ад забудовы, прапануюць азеляніць газонамі і хмызнякамі.

Дзе пабудуюць новы квартал

Участак пад забудову блакаванымі аднакватэрнымі жылымі дамамі размешчаны паміж вуліцамі Гродзенскай і Юбілейнай. З паўднёвага боку ён мяжуе з індывідуальнай жылой забудовай і вадаёмам, з заходняга – з участкамі мікрараёна Баранавічы-10.

Калі будзе абмеркаванне

Грамадскае абмеркаванне праекта пройдзе з 4 па 30 жніўня 2021 года.

Убачыць экспазіцыю праекта можна з 4 па 20 жніўня 2021 года ў вестыбюлі ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама па адрасе: плошча Тызенгаўза, 3 (у працоўныя дні з 8.00 да 13.00, з 14.00 да 17.00).

Прэзентацыя праекта запланавана на 15.00 18 жніўня 2021 года. Яна пройдзе ў будынку гарвыканкама па адрасе: плошча Леніна, 2/1, кабінет 202 (2 паверх).

Куды адпраўляць прапановы

Заўвагі і прапановы гарвыканкам прымае з 4 па 30 жніўня 2021 года ў пісьмовай або электроннай форме па такіх адрасах:

  • Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт, пл.Леніна, 2/1, 230023, г. Гродна
  • электронная пошта: [email protected].
  • сэрвіс “Электронныя звароты» на афіцыйным сайце Гродзенскага гарвыканкама
  • Упраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама, пл. Тызенгаўза, 3, 230023, г. Гродна

У Гродне першы квартал з таўнхаусамі – Ласосна-4 – узвёў “Гроднажылбуд” ў 2017 годзе. Зараз участкі для забудовы блакаваных жылых дамоў ёсць ў многіх гродзенскіх раёнах – Зарыцы, Баранавічах, Забалаці, Пагаранах-Кашэўніках. Ідэю будаўніцтва жылля такога тыпу падтрымлівае мэр Гродна Мечыслаў Гой – ён “хоча бачыць ускраіны горада забудаванымі на амерыканскі манер”, піша “Вечерний Гродно”. Па інфармацыі выдання, участак у мікрараёне Баранавічы-9 будзе забудоўваць кампанія “Палессежылбуд”.