Аляксандру і Андрэю па 19 гадоў, яны сябруюць з першага класа. У гэтым годзе яны вырашылі адкрыць свой бізнес – прадаваць марозіва ў цэнтры Гродна. 23 ліпеня іх цялежка STRADA пачала працу. Карэспандэнтка Hrodna.life пабывала на адкрыцці і паглядзела, як гэта было.

Аляксандр Сергеюк вучыцца ва універсітэце “Сінергія” ў Маскве на спецыяльнасці “Рэстаранны і гасцінічны бізнес”, Андрэй Кажура вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы на эканаміста.

Ідэя прадаваць марозіва прыйшла да сяброў у час тэлефоннай размовы, калі Аляксандр быў у войску. Андрэй успомніў, што бачыў незвычайныя цялежкі з марозівам, калі адпачываў у Албаніі. Хлопцы сталі шукаць падобныя фатаграфіі, абмяркоўваць ідэі і ў выніку вырашылі, што трэба рабіць бізнэс.

“Мы хацелі з чагосьці пачаць і вырашылі, што прасцей за марозіва нічога няма. Пры гэтым хацелася чагосьці цікавага”, – распавядае Аляксандр.

Паўтара месяца і $3000

Аляксандр і Андрэй самі распрацавалі праект і рэалізавалі яго за паўтара месяца. На гэта яны выдаткавалі прыкладна $3000. Сябры купілі халадзільнік, замовілі цялежку ручной працы і пачалі шукаць месца. У выніку яны размясціліся каля гандлёвага цэнтра “Палац” (Калючынская, 21).

“Гэта будзе не проста марозіва, гэта будзе вулічны рух, па выхадных мы нават плануем жывую музыку”, – сцвярджаюць хлопцы.

Назва Strada таксама з’явілася нездарма. З італьянскай мовы яна перакладаецца як дарога. “Усе дарогі вядуць праз нас, дзе мы ўсіх чакаем і ўсім заўсёды рады”, – тлумачыць Аляксандр.

Мараць пра сваю вытворчасць

Пастаўнік марозіва – гродзенскі “Малочны мір”. На наступнае лета сябры мараць пра ўласную вытворчасць. Працаваць на вуліцы хлопцы плануюць да кастрычніка. Пра астатнія планы пакуль не распавядаюць, але сцвярджаюць, што ідэй у іх шмат.

З першага класа - да супольнага бізнесу. Два сябра адкрылі цялежку з марозівам у цэнтры Гродна
З першага класа - да супольнага бізнесу. Два сябра адкрылі цялежку з марозівам у цэнтры Гродна

Адзін шарык марозіва каштуе 2 рублі, два шарыкі – 3,5. У дзень афіцыйнага адкрыцця для гасцей дзейнічала акцыя – трэці шарык у падарунак. Кожны можа выбраць смак марозіва: ваніль, шакалад, клубніцы, чарніцы, бабл-гам, салёная карамель або труфель. Бясплатна па жаданні кліента марозіва паліваюць топінгам ці пасыпаюць абсыпкай. Шарыкі могуць на выбар пакласці ў ражок або ў крэманку.

Адрас: Калючынская, 21
Графік працы: з 10.30 да 22:00