Трое новых палітвязняў, два новых «экстрэмісцкіх» Telegram-каналы і адзін сардэчны прыступ у палітвязня ў карцэры. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося за тыдзень ад 28 чэрвеня да 4 ліпеня ў Гродне і вобласці.
У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 28 чэрвеня адбыўся разгляд крымінальнай справы мясцовага жыхара Аляксандра Бабкіна, якога абвінавацілі ў абразе прэзідэнта Беларусі (ч.1 арт. 368 КК). Справу разглядаў суддзя Уладзімір Пазняк, дзяржаўны абвінаваўца — Дар’я Гур’янава, паведамляе «Гарадзенская вясна».
Справа была ўзбуджаная 25 красавіка, трое сутак Бабкін знаходзіўся ў ІЧУ, затым пад падпіскай аб нявыездзе. Паводле абвінавачвання, Бабкін, знаходзячыся ў алкагольным ап’яненні, патэлефанаваў па нумары 102 і зневажальна і негатыўна выказаўся ў адрас прэзідэнта, прынізіў яго гонар і годнасць, тым самым нанёс публічную абразу. Сваю віну Бабкін прызнаў цалкам. 10 жніўня 2020 года яго затрымлівалі і аштрафавалі.
Суд пастанавіў прызнаць Аляксандра Бабкіна вінаватым паводле ч. 1 арт. 368 КК і прызначыць яму адзін год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, таксама ўжыць прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Мабільны тэлефон канфіскавалі, кампутар і клавіятуру — вярнулі абвінавачанаму. Падчас зняволення пад варту Бабкін паспеў выгукнуць «Жыве Беларусь!» і «Будзьма свабоднымі!».
Пракуратура Лідскага раёна 28 чэрвеня распачала крымінальную справу за абразу прэзідэнта ў адным з публічных чатаў у Telegram. Справу накіравалі ў Лідскі раённы аддзел Следчага камітэта.
Пракуратура Гродна пры маніторынгу ўстанавіла, што неўстаноўленая асоба ў прызнаным экстрэмісцкім Telegram-канале размясціла паведамленне, якое змяшчае публічную абразу прэзідэнта.
Пракуратура Ашмянскага раёна пры маніторынгу ўстанавіла, што неўстаноўленая асоба ў Telegram-чаце «Ошмяны для жизни» размясціла паведамленне, якое змяшчае «бяздоказныя, загадзя ілжывыя, ганебныя для прэзідэнта асабістыя выдумкі, злучаныя з абвінавачваннем у здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства». 28 чэрвеня пракуратура Ашмянскага раёна ўзбудзіла крымінальную справу за паклёп у дачыненні да кіраўніка дзяржавы.
На два гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») 29 чэрвеня асудзіла Таццяну Кашко суддзя Алена Пятрова за абразу міліцыянта. Менавіта столькі запрасіла памочнік пракурор Юлія Шчарбіна, паведамляе «Гарадзенская вясна».
Таксама Таццяна Кашко абавязаная выплаціць намесніку начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Гродзенскага аблвыканкама Віталю Стасюкевічу 2000 рублёў маральнай кампенсацыі. Грошы міліцыянт абяцаў пералічыць у дзіцячы дом.
57-гадовага настаўніка англійскай мовы Свіслацкай сярэдняй школы № 2 Вячаслава Караткевіча асудзілі за паклёп на прэзідэнта (ч.2 арт. 367 КК). Суд вёў старшыня Свіслацкага раённага суда Валерый Цыбульскі.
Настаўнік нібыта абгаварыў прэзідэнта на сустрэчы з кіраўніцтвам Свіслацкага выканкама 20 жніўня 2020 года. 30 чэрвеня яго прысудзілі да аднаго з паловай года калоніі агульнага рэжыму. Вячаслава ўзялі пад варту, паведамляе «Гарадзенская вясна».
Мінчуку Вадзіму Цішкевічу 1 ліпеня прысудзілі 1 год і 8 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу за публічную абразу прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 КК. Акрамя гэтага, па грамадзянскім іску ён павінен выплаціць міліцыянту 500 рублёў маральнай кампенсацыі, паведамляе «Гарадзенская вясна».
Першапачаткова суддзёй на працэсе быў Руслан Хіхол, аднак ён прызначаны старшынёй Карэліцкага раённага суда. Новым суддзёй на працэсе стаў Максім Галубовіч. Бок абвінавачвання ўяўляла пракурор Ганна Кароль. Пацярпелым па справе фігураваў участковы Гродзенскага УУС Ілля Каяч.
Чытайце таксама:
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…