Дзень Незалежнасці ў Гродне пачнуць святкаваць ужо 1 ліпеня з канцэрту ў філармоніі. Хэдлайнерамі на ім выступяць ансамбль “Харошкі” і гурт «Галасы 3Места». У асноўны дзень, 3 ліпеня, гродзенцаў чакаюць мітынг, канцэрт і спяванне гімна.
1 ліпеня
У абласной філармоніі ў 16.00 пройдзе ўрачыстае ўзнагароджанне стыпендыятаў прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі і святочны канцэрт “Беларусь. Адзінства. Мы”. На ім выступяць музычны тэатр «Рада», ансамбль «Белыя Росы», саліст Лідскага эстраднага аркестра Андрэй Панісаў, рок-гурт «Прэмія» з Ліды і іншыя калектывы Гродзенскай вобласці, піша “Гродзенская праўда” са спасылкай на намесніцу начальніка аддзела культурна-асветнай працы ўпраўлення культуры аблвыканкама Вольгу Багдановіч.
У якасці хэдлайнераў на канцэрце ў філармоніі будуць харэаграфічны ансамбль «Харошкі» і гурт «Галасы 3Места» з Баранавічаў. У сакавіку 2021 Беларусь вылучыла гэты гурт на “Еўрабачанне”. Арганізатары конкурсу запатрабавалі замяніць прапанаваную песню “Я научу тебя” праз палітычную афарбоўку. Пасля Беларусі і зусім адмовілі ва ўдзеле: краіна своечасова не прапанавала варыянт, які б не парушаў правілы конкурсу. Дзяржаўныя тэлеканалы сёлета “Еўрабачанне” не транслявалі.
3 ліпеня
Праграма святкавання Дня Незалежнасці пачнецца з ускладання кветак да помнікаў і месцаў баявой славы.
Парк Жылібера
10.30 – мітынг ля помніка воінам і партызанам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
11.00-16.00 – катанне на атракцыёнах і работа інтэрактыўных пляцовак.
Плошча Леніна
11.00-11.30 – урачыстая частка.
11.30-12.30 – выступленне ансамбля “Белыя росы”.
12.30-18.30 – выступленні музычных калектываў Гродзенскай вобласці.
19.00-21.20 – «Гродзенская капэла», народная эстрадная студыя «Раніца», музычны тэатр “Рада”.
21.20-22.55 – моладзевая эстрадная праграма.
22.55 – рэспубліканская акцыя «Праспяваем гімн разам».
23.00 – святочны феерверк і лазерна-светлавое шоў.
23.05 – выступленне Тэа (Юрый Вашчук, прадстаўнік Беларусі на “Еўрабачанні”-2014) і Вольгі Рыжыкавай.
24.00-01.00 – выступы дыджэяў.
Плошча Тызенгаўза
11.00-16.00 – інтэрактыўныя пляцоўкі ад МНС, ДАІ і іншых сілавых структур.
16.00 – аглядная экскурсія па горадзе на электробусе.
Вуліца Савецкая
10.00-19.00 – гандаль рамеснікаў і майстроў аб’яднання «Гарадзенскі каларыт».
12.00-14.00 – выступ артыстаў у рамках праекта «Канцэрты на балконе». У дворыку культурнага цэнтра «Фестывальны» (Тэльмана, 4) пройдзе канцэртная праграма «Мелодыі сяброўства».
Пышкі
15.00-18.00 – канцэртна-забаўляльная праграма.
Святочныя мерапрыемствы адбудуцца і ў мікрараёнах Гродна.

Свята ў вобласці: чырвона-зялёны флэшмоб і ваенныя агітбрыгады
У райцэнтрах пройдуць мітынгі з ускладаннем колерам да брацкіх магіл, рэспубліканская акцыя «Праспяваем гімн разам», канцэртныя праграмы.
- У Ваўкавыску адкрыюць мемарыяльную дошку ў гонар Героя Савецкага Саюза Казбека Нуржанова.
- У Карэлічах створаць сцяну аўтографаў «Жадаю табе» з пажаданнямі для Беларусі.
- У Шчучыне пройдзе сілавы спартыўны флэш-моб «Беларусь моладзевая!» з перацягваннем аўтамабіляў і іншых грузаў.
- У Зэльве пройдзе танцавальны флэшмоб «Колер маёй краіны» з колерамі афіцыйнага сцяга Беларусі.
У Гродзенскім раёне пройдзе конкурс квилтов (ласкутнага шыцця), у рамках якога на агульным палатне збяруць беларускі арнамент.
У Бераставіцы, Зэльве, Ашмянах, Смаргоні і Гродзенскім раёне арганізуюць інтэрактыўныя зоны традыцыйнай культуры з майстар-класамі па вышыўцы, лепцы з гліны, ткацтву.
Да 3 ліпеня ў Гродзенскай вобласці працягнецца акцыя «Ваенныя агітбрыгады» у малых населеных пунктах. У Дзень Незалежнасці яны таксама будуць выступаць на раённых святах.


