Работнікам цэхаў Гродзенскага мясакамбіната прапануюць падпісаць ліст супраць санкцыяў Еўрасаюза. Пра выпадак на мінулым тыдні распавялі Hrodna.life два супрацоўнікі прадпрыемства.

«Прыйшоў прафкам разам са службай бяспекі (аховай). Распавялі, як усё дрэнна, калі цісне Еўрасаюз, што нам усім тут працаваць, хто жадае, трэба падысці і распісацца супраць санкцый», — распавяла крыніца пра выпадак 17 чэрвеня Hrodna.life.

Па словах супрацоўніка, большасць работнікаў цэха сышлі, не падпісаўшы дакумент. Ён адзначыў, што служба бяспекі ўважліва сачыла за тым, хто сыходзіць. Якіх-небудзь рэпрэсій пасля пакуль не было. Сфатаграфаваць ліст або запісаць аўдыё гутаркі работнік не мог — у цэхах карыстацца тэлефонам забаронена.

Яшчэ адзін работнік мясакамбіната распавёў, што такая папера сапраўды ёсць, але падпісвацца людзей не прымушаюць. «Проста ходзіць папера па цэхах», — растлумачыў ён.

Атрымаць каментар на прадпрыемстве не ўдалося. У аддзеле развіцця і маркетынгу папрасілі патэлефанаваць намесніку дырэктара па ідэалагічнай працы і сацыяльных пытаннях. На працягу двух гадзін у прыёмнай не знялі трубку.

Подпісы збіраюць не ўпершыню

У лютым у Гродне ўжо збіралі подпісы пад лістом да Міжнароднай арганізацыі працы супраць санкцый Еўрасаюза. Падчас збору на гродзенскіх прадпрыемствах праводзілі «гутаркі», звалі ў кабінет па аднаму, пагражалі непадаўжэннем кантракту і «ссылкай» ў калгасы.

Чытайце таксама: «Грозят непродлением контракта». Как гродненцы подписывали письмо против санкций Евросоюза

Улады — аб санкцыях

Ва ўмовах увядзення заходнімі краінамі санкцый Лукашэнка дапускае ўвядзенне ваеннага становішча ў Беларусі. Аб саміх санкцыях Лукашэнка выказаўся падчас паездкі ў Свіслацкі раён 14 чэрвеня: «Мы гэтым мярзотнікам па той бок мяжы павінны паказаць, што іх санкцыі - гэта іх бяссілле. І мы гэта зробім».

Пазіцыя чыноўнікаў у пытанні санкцый змянялася: спачатку яны сцвярджалі, што гэта зробіць краіну мацнейшай, пазней заявілі, што не пакінуць іх без адказу.

Чытайце таксама:

Пішу пра людзей з інваліднасцю, актывістаў, палітыкаў і дабрачыннасць.