У Гродне 21 чэрвеня быў пабіты тэмпературны рэкорд. Паветра прагрэлася да 31,6 градусаў. Папярэдні рэкорд – 30,2 градуса быў зафіксаваны ў 1975 годзе. Hrodna.life даведаўся, як гродзенцы рэагуюць на спёку.

Самыя папулярныя напоі ў гродзенскіх кавярнях апошнія два тыдні – “эспрэса-тонік” і “айс-латэ”. Продаж гэтых напояў вырас у пяць разоў, распавялі Hrodna.life у кавярні “Віленская”. Акрамя кавы, кожная кавярня прапануе ліманад. “Гэта сезонны напой, які выпіваюць амаль адразу”, – расказала барыста Алла.

Тэмпература б’е рэкорды. Як гродзенцы ратуюцца ад спёкі
Кавярня “Віленская”. Фота: Hrodna.life

“Халодная кава самая папулярная. Гэта “эспрэса-тонік”, плюс у нас ёсць фірмовы “эспрэса-тонік” з базілікавым сіропам уласнага прыгатавання. Таксама карыстаецца папулярнасцю “айс-латэ” і “бамбл”. “Бамбл” гэта эспрэса плюс апельсінавы сок і карамельны сіроп. Усе ліманады ў нас створаны на сіропах уласнага прыгатавання. Гэта абляпіха, базілік і чорныя парэчкі”, – распавёў Hrodna.life уласнік кавярняў “Sprava” і “Наша кава” Дзмітрый Захарка.

У некаторых месцах можна знайсці марозіва. У “Leone House” і “Джезва” часцей за ўсё купляюць ягаднае з кіслінкай.

Тэмпература б’е рэкорды. Як гродзенцы ратуюцца ад спёкі
Летняе меню ў кавярні “Sprava”. Фота: Hrodna.life

Як перамагаюць спёку кіроўцы?

Няпроста пераносіць такую тэмпературу кіроўцам грамадскага транспарта. Hrodna.life даведаўся, ці падрыхтаваліся да такога надвор’я ў Гродзенскім тралейбусным упраўленні.

“Усе тралейбусы парка забяспечаны вентылятарамі ў кабінах кіроўцы. Перад пачаткам летняга сезону мы яшчэ дадаткова закупілі вентылятары. Пакуль выпадкаў перагрэваў не было. Штораніцу кіроўцы праходзяць медагляд у фельчара. Калі ёсць нейкія падазрэнні, то мы не рызыкуем і не выпускаем на маршрут. Таксама ў нас усталяваны спецыяльны апарат, дзе кіроўцы маюць магчымасць набраць з сабой вады” – распавёў Hrodna.life дырэктар Гродзенскага тралейбуснага ўпраўлення Віктар Шарэйка.

Тэмпература б’е рэкорды. Як гродзенцы ратуюцца ад спёкі
Гродзенскі тралейбус. Фота: Hrodna.life

Пляжы пакуль працуюць

Гараджане ад спёкі ў асноўным ратуюцца на вадаёмах. У Гродне чатыры дазволеныя зоны для купання (возера Юбілейнае, пляжы на Нёмане ў раёне Ласосна, Пышкоў і цэнтральны пляж каля Старага маста – Hrodna.life). З пачатку купальнага сезону спецыялісты манітораць якасць вады. Пакуль што яна паўсюль адпавядае нормам. Але, калі тэмпература паветра не знізіцца, да канца тыдня з-за спёкі і массавага наплыву паказальнікі могуць змяніцца, паведамляе “Гродно Плюс”.

Колькі чалавек у Гродне за апошнія дні звярнулася па дапамогу ўрачоў у сувязі з перагрэвам, даведацца не ўдалося. У Бальніцы хуткай медычнай дапамогі рэдакцыі Hrodna.life параілі звярнуцца да іх з пісьмовым зваротам.