Выйшаў з друку новы нумар «Гарадзенскага гадавіка». «Асэнсоўваем гісторыю роднай Гародні, вывучаючы жыццё асоб і сем’яў, заглыбляемся ў свет іх ідэнтычнасці, светапогляду і культурных кодаў, штодзённасці і няпростых жыццёвых рашэнняў», — напісаў пра нумар «Цэнтр гарадскога жыцця». Агулам у нумар патрапіла 10 тэкстаў пра месца чалавека ў гарадской гісторыі, сацыяльныя практыкі і светапогляды гараджан.
Нумар прысвяцілі гісторыкам Таццяне Маліноўскай і Вользе Сабалеўскай, «для якіх адкрыццё таямніц гарадзенскай мінуўшчыны было сэнсам жыцця». Таццяна Маліноўская памерла летась, Вольга Сабалеўская — у 2019 годзе.
«Часопі пачынаецца з тэкста Юрыя Гардзеева, прысвечанага гарадзенскаму прэзідэнту Юзафу Бардаку і элітам Гродна ХVIII ст. Далей цэлы комплекс матэрыялаў пра часы паўстання 1863−1864 гадоў. Сярод іх — артыкул пра светапогляд і псіхалагічны партрэт урача Івана Мітрапольскага, які пакінуў цікавыя ўспаміны пра сваю працу ў Гродне; артыкул Алеся Радзюка пра злачынствы і правапарушэнні вышэйшых службовых асоб Гродзенскай губерні; артыкул Алеся Смалянчука пра інтрыгуючы эпізод у адносінах Канстанціна Скірмунта і Элізы Ажэшка, іх сустрэчу ў 1904 годзе», — расказвае пра часопіс гісторык Васіль Герамімчык, адзін з аўтараў гарадзенскага Гадавіка. — Тры матэрыялы прысвечаныя слынным навукоўцам. Так, Уладзімір Валодзін распавядае пра выкладчыка гродзенскага педінстытута Браніслава Ржэўскага, Андрэй Ціхаміраў - пра Гургена Марціросава і савецкую сацыялогіў ў Гродне, Ірына Ганецкая і Андрэй Мяцельскі - пра археолага Міхася Ткачова. Вялікую цікавасць уяўляе артыкул Віталя Гуменнага і Віталя Карнялюка пра Румлёўскі парк.
Завяршаецца нумар часопіса рэцэнзіяй Алеся Краўцэвіча на зборнік канферэнцыі 2017 года «Grodnae et orbi: гарадскія супольнасці і гарадское асяроддзе ХІV-ХХ стст.»
Дату прэзентацыі паведамяць пазней.
«Гарадзенскі гадавік» — навуковы часопіс. Яго заснавалі ў 2011 годзе гродзенскія гісторыкі і краязнаўцы, каб асвятляць гісторыка-культурную праблематыку, не даследаваную дагэтуль.