Тры крымінальныя справы за абразы прадстаўнікоў улады распачалі і пачалі разглядаць у рэгіёне. Двух палітвязняў адправілі на «хімію». Першакурсніка ГрДУ адправілі ў калонію. Рэдакцыя Hrodna.life атрымала яшчэ адзін штраф — цяпер максімальны. Мы вывучылі, што адбылося за тыдзень ад 14 да 20 чэрвеня ў Гродне і вобласці.
У Гродзенскай вобласці распачата крымінальная справа за абразу пракурорскага работніка і распаўсюджванне інфармацыі аб яго прыватным жыцці (па ч. 1 арт. 179 і арт. 369 КК). Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў службе інфармацыі пракуратуры Гродзенскай вобласці.
Невядомыя размясцілі ў адным з Telegram-чатаў персанальныя звесткі пракурора. Пазней пад гэтай інфармацыяй сталі з’яўляцца абразлівыя каментары. «Інфармацыя стала даступная для чытання нявызначанаму колу асоб», — адзначылі ў пракуратуры.
7 чэрвеня суд Кастрычніцкага раёна Гродна засудзіў 34-гадовага Аляксея Галоўкіна да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму па арт. 364 і арт.366 КК. Суддзёй на працэсе быў Дзмітрый Кедаль. У працэсе як пацярпелыя фігуравалі высокапастаўленыя міліцэйскія чыноўнікі. Пад вартай Аляксей Галоўкін знаходзіўся з 3 снежня 2020 года. 23 чэрвеня плануецца яго этапаванне з гродзенскай турмы ў калонію, паведамляе «Гарадзенская вясна».
Паседжанні з удзелам гродзенкі Алы Гарацкевіч пачаліся ў Гродне 14 чэрвеня. Да гэтага іх месяц пераносілі з-за шпіталізацыі жанчыны. Яе будуць судзіць за счэпку падчас пратэстаў 6 верасня мінулага года. У справе яшчэ дзве абвінавачаныя — дачка Алы Галіна Гарацкевіч і маці дваіх дзяцей Ганна Мароз. Абедзве пад вартай. Праз сем хвілін пасяджэнне скончылася — у справе абвясцілі перапынак да 11.00 28 чэрвеня.
Шасцярых гродзенскіх амапаўцаў, нібыта пацярпелых падчас акцыі пратэсту ў верасні 2020 года, дапыталі ў судзе 14 чэрвеня. Некаторыя «не памятаюць», ці наносіў ім абвінавачаны Андрэй Сакалоўскі ўдары, але просяць пакрыць маральную шкоду. Адзін з байцоў пасля пытанняў адваката адмовіўся ад іску — прызнаў, што абвінавачаны не наносіў яму ўдары. Сакалоўскага судзяць за счэпку на вул. Гарнавых 6 верасня мінулага года.
27-гадоваму Яўгену Анкуда прызначылі тры месяцы арышту і прымусовае лячэнне па месцы адбыцця пакарання за здзек над дзяржаўнай сімволікай (арт.370 КК). Справу разглядаў Юрый Казакевіч у судзе Ленінскага раёна пры дзяржабвінаваўцы Дзянісе Ткачы.
Анкуда, па версіі пракурора, 28 траўня, будучы п’яным, на вуліцы Пушкіна ў Гродне наўмысна садраў з будынка пошты дзяржаўны сцяг і кінуў яго ў скрыню. Абвінавачаны не мог патлумачыць свой учынак і раскаяўся ў зробленым. Па яго словах, з палітыкай яго ўчынак не звязаны, паведамляе «Гарадзенская вясна».
25-гадовага мінчука Вадзіма Цішкевіча пачалі судзіць паводле арт. 369 КК за абразу гродзенскага міліцыянта Іллі Каяча. У Вадзіма праблемы са здароўем, ён рыхтуецца да аперацыі на сэрцы.
Судзіць яго Руслан Хіхол у судзе Кастрычніцкага раёна, дзяржабвінаваўца — Кароль. Са слоў пракурора, Вадзім у кастрычніку пакінуў каментар пад фота міліцыянта ў Telegram-канале, чым яго абразіў яго і «падарваў аўтарытэт улады». Вадзім прызнаў віну, але паведаміў, што ягоны каментар насіў агульны характар і да міліцыянта дачынення не меў. Міліцыянт заявіў пазоў у 500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Пасяджэнне працягнецца 22 чэрвеня ў 14.40, паведамляе «Гарадзенская вясна».
Дырэктарцы Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вользе Вялічка 17 чэрвеня напісаў у Viber чалавек, які прадставіўся судовым выканаўцам. Ён паведаміў, што калі супрацоўнікі хоспіса не дадуць ключы ад памяшканняў, іх прымусова ўскрыюць з супрацоўнікамі РАУС.
ТАА «Гродна Лайф медыя», уладальніку сайта Hrodna.life, прысудзілі штраф у 500 базавых велічынь (14 500 рублёў). Гэта максімальна магчымы штраф па артыкуле 19.11, частка 2 КаАП (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў). Прычынай новай адміністрацыйнай справы стала адно фота, размешчанае па памылцы. Яго выдалілі праз некалькі гадзін. Яшчэ адзін штраф у 25 базавых велічынь (725 рублёў) за тое ж фота атрымала рэдактарка спецпраектаў Hrodna.life Ірына Новік.
Пасяджэнне па разглядзе апеляцыйнай скаргі дырэктара «Цэнтра гарадскога жыцця» Паўла Мажэйкі прайшло 18 чэрвеня ў Эканамічным судзе Гродзенскай вобласці. Суд абвясціў перапынак да 21 чэрвеня. Павел абскарджвае ранейшае рашэнне аб ліквідацыі яго ўстановы.
Гаспадыню крамы «Адметнасць» Вольгу Верамеенку асудзілі на 2000 рублёў штрафу ў будынку РАУС 18 чэрвеня за «пікетаванне». Рэчавымі доказамі палічылі футболкі з выявай «Пагоні», званочак, банер.
Студэнта гістфака Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (ГрДУ) 18 чэрвеня асудзілі на 2,5 гады калоніі за гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў і ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
У Ваўкавыску затрымалі 69-гадовую Галіну Міхальчук. Да яе прыехалі два супрацоўнікі міліцыі на аўтамабілі без нумароў і затрымалі. Жанчыну павезлі ў Мінск. Дома ў яе не праводзілі ператрус, спаслаўшыся на яе ўзрост. Блізкім паведамілі, што яе «вязуць на гутарку паводле арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады». Па стане на 16 чэрвеня месцазнаходжанне жанчыны было невядома, паведаміла «Вясна».
Чытайце таксама:
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…