ТАА «Гродна Лайф Медыя», уладальніку сайта Hrodna.life, прысудзілі штраф у 500 базавых велічынь (14 500 рублёў). Гэта максімальна магчымы штраф паводле артыкула 19.11, частка 2 КаАП (Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў). Прычынай новай адміністрацыйнай справы стала адно фота, размешчанае памылкова. Яго выдалілі праз некалькі гадзін. Яшчэ адзін штраф у 25 базавых велічынь (725 рублёў) за тое ж фота атрымала рэдактарка спецпраектаў Hrodna.life Ірына Новік.
Справу Hrodna.life разглядала суддзя Ганна Ляусік. У якасці прадстаўніка РАУС адміністрацыі Ленінскага раёна быў старшы інспектар Вадзім Налівайка.
Сведка Ірына Новік, рэдактарка Hrodna.life, на пасяджэнні не была — яна зараз у бальніцы. Аляксей Шота, галоўны рэдактар і прадстаўнік Hrodna.life, заявіў хадайніцтва аб пераносе пасяджэння, бо сведка важная. У пераносе разгляду справы адмовілі. Паказанні Ірыны зачыталі ў судзе.
Сведкам ад РАУС быў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Андрэй Пігульскі. Ён і знайшоў артыкул, фота з якога выклікала прэтэнзіі міліцыі. Там быў лагатып Telegram-канала, раней прызнанага экстрэмісцкім.
На судзе ён заявіў, што хоць фатаграфію ў артыкуле замянілі праз некалькі гадзін, ён змог зрабіць скрыншот колькасці праглядаў. Але ў адкрытым доступе такой інфармацыі па сайце няма. Таксама ён расказаў, што міліцыя кожны дзень маніторыць навінавыя сайты і Telegram-каналы ў пошуках забароненай інфармацыі.
Аляксей Шота ў судзе віну не прызнаў. Фатаграфія прабыла на сайце кароткі час, адмысловага намеру ў яе размяшчэнні не было, а прычынай стала тэхнічная памылка — лагатып быў бляклы і амаль непрыкметны. Яго замянілі амаль на тыдзень раней, чым міліцыя выказала прэтэнзіі. Аляксей збіраецца абскарджваць рашэнне суда Ленінскага раёна ў абласным судзе. Яго маёмасць, канфіскаваную ў час агляду кватэры, пакінулі пад арыштам да выплаты штрафу.
Галоўнага рэдактара і дырэктара Hrodna.life Аляксея Шоту затрымалі ў нядзелю 30 траўня каля дома. У яго кватэры правялі агляд. У дачыненні да рэдакцыі пачалі адміністрацыйны працэс па арт. 19.11 КаАП. 1 чэрвеня затрымалі рэдактарку спецпраектаў Hrodna.life Ірыну Новік. 3 чэрвеня яе асудзілі на 25 базавых велічынь (725 рублёў) па адміністратыўнай справе нібыта за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Да суда ён знаходзіўся ў ІЧУ. Ёй забаранялі сядзець у дзённы час, яна нічога не ела.
Чытайце таксама: Под сакурой и с принцессой. Ирина Новик — о гродненской тюрьме и «лечебном» голодании на сутках
Гэта другі суд над Hrodna.life па артыкуле 19.11, частка 2 КаАП. Першы адбыўся 19 сакавіка. Тады суд Ленінскага раёна прысудзіў рэдактару Hrodna.life Аляксею Шоте штраф у 400 базавых велічынь (11 600 рублёў) — як прадстаўніку арганізацыі — і 25 базавых велічынь (725 рублёў) — як фізічнай асобе. Гродзенскі абласны суд 26 красавіка пакінуў у сіле рашэнне раённага. Выплаціць штраф у 11 600 рублёў у растэрміноўку на шэсць месяцаў рэдакцыі не дазволілі. Тэхніку, якую яшчэ зімой забралі з офіса пры аглядзе, дагэтуль не вярнулі пасля экспертыз.
Чытайце таксама: 61 судейский молоток или 273 портрета президента. На что может пойти штраф Hrodna.life и сколько это в бюджете?