Вечарам 18 чэрвеня ў Андрэя Герасімовіча павінен быў быць экзамен, але ён да яго ужо не рыхтаваўся, распавяла Hrodna.life яго мама Галіна. За некалькі гадзін да гэтага студэнта гістфака Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (ГрДУ) асудзілі на 2,5 гады калоніі за гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў і ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Андрэя затрымалі прама на пары 23 сакавіка. Пазней яго адпусцілі пад заклад у 5800 рублёў. 18 чэрвеня пасля вынясення прысуду яго ўзялі пад варту.
«Вядома, шок. Я спадзявалася да апошняга, што нешта зменіцца. Але Андрэй рыхтаваўся — ездзіў развітвацца з сябрамі», — са слязамі распавяла Галіна Hrodna.life. Увечары напярэдадні яна збірала сыну сумку ў турму.
Чытайце таксама: В Гродно на паре задержали студента. Его подозревают в насилии над милиционером
Андрэй віну не прызнаў
Справу разгледзеў суддзя Уладзімір Федаровіч за пяць пасяджэнняў у судзе Лідскага раёна. Андрэя судзілі па арт. 364 і арт. 342 КК. Пракурор на працэсе запатрабаваў для яго тры гады калоніі. Доказам у судзе стала відэа, у якім студэнт падчас пратэстаў летам мінулага года ў Лідзе кідае камень у сілавікоў. Куды камень трапіў, на відэа не відаць.
Таксама ў справе фігуруюць перапіскі студэнта, дзе ён каментаваў падзеі і нібыта заклікаў выходзіць на вуліцы. Андрэй, па словах мамы, не прызнаў віну. Ён сказаў у судзе, што апынуўся на вуліцы ў той дзень выпадкова і кінуў камень машынальна.
«Са мной яшчэ усё ў парадку, мяне не забілі»
Спачатку справу Герасімовіча аб’ядналі з іншымі справамі на чатырох лідчан — некаторыя з іх непаўналетнія. Але пазней вылучылі ў асобную вытворчасць, распавяла мама Андрэя Hrodna.life. Ці будуць абскарджваць рашэнне суда, бацькі пакуль не вырашылі.
Супрацоўнікаў універсітэта і прыяцеляў, якія далі супраць яго паказанні, ён прасіў не пазначаць у тэксце. «Андрэй такі чалавек, які не асуджае іншых, імкнецца зразумець кожнага», — сказала Галіна.
«Андрэй казаў: мама, са мной яшчэ ўсё ў парадку, я прыйшоў, я здаровы, мяне не збілі, мяне не забілі, я вярнуўся, — успамінае Галіна. — Самае горшае, што я не ведаю, як ён там будзе і як складуцца абставіны. Памяняць я, вядома, не памяняю, але хаця б ведаць, добра яму ці дрэнна».
У найбліжэйшы час Андрэя адправяць у турму № 1 Гродна. Верагодна, адтуль ён накіруецца ў калонію адбываць пакаранне.