Новости

Новыя тэрміны, новае свята і новы біскуп. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

У Гродне распачалі чарговую справу па падзеях жніўня 2020 года. У Мастоўскім раёне актывіста асудзілі за карыкатуры. Hrodna.life зноў будуць судзіць. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося за тыдзень ад 7 да 13 чэрвеня ў Гродне і вобласці.

Два гады «хатняй хіміі» — за карыкатуры

У судзе Мастоўскага раёна 7 чэрвеня абвясцілі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Сяргея Бурака, якога вінавацілі у абразе прэзідэнта і здзек над дзяржаўнымі сімваламі. Ён атрымаў два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Справу вёў суддзя Віталь Сініла, бок дзяржабвінавачання падтрымліваў Міхаіл Разуваеў.

Сяргея Бурака абвінавачвалі ў шматразовым перапосце і размяшчэнні абразлівай інфармацыі ў дачыненні да Лукашэнкі ў Telegram-канале «Мосты для жизни чат» (арт.368 КК), а таксама ў размяшчэнні паведамлення з выявай нацысцкай свастыкі, якая складалася з элементаў Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь (арт. 370 КК). Сяргей Бурак сваю віну не прызнаў. Суду растлумачыў, што сам не ствараў карыкатуры, а рабіў толькі рэпосты. Не лічыў зробленыя публікацыі абразай.

17 верасня ў Беларусі зрабілі дзяржаўным святам

Дзень народнага адзінства з’явіцца ў Беларусі. Яго будуць святкаваць 17 верасня. Адпаведны ўказ № 206 Аляксандр Лукашэнка падпісаў 7 чэрвеня. Выхадны ў гэты дзень рабіць не плануюць.

Шэраг Telegram-каналаў прызналі экстрэмісцкімі

На гэтым тыдні пракуратура прызнала экстрэмісцкімі наступныя Telegram-каналы Гродзенскай вобласці:

  • «Слоним для жизни»,
  • «Доска Поzоrа Слоним»,
  • «Лида для жизни ЧАТ»,
  • «Новогрудок для жизни ЧАТ»

Зараз пасля рэпосту інфармацыі з гэтых суполак вам пагражае адміністрацыйная адказнасць па арт.19.11 КаАП.

Пасля ІЧУ — гіпертанічны крыз

У Вольгі Верамеенка пасля ІЧУ здарыўся гіпертанічны крыз, паведаміла яна «Беларускаму Радыё Рацыя».

Гаспадыню крамы «Адметнасць» Вольгу Верамеенку адпусцілі з ІЧУ пасля затрымання 3 чэрвеня. Суд за «пікетаванне», у якім яе абвінавацілі, будзе пазней.

Пікет на польска-беларускай мяжы

Пратэстоўцы на чале з палітыкам Паўлам Латушкам пачалі акцыю па блакаванні дарогі ў пункце пропуску «Баброўнікі-Бераставіца» на польска-беларускай мяжы. Акцыя пачалася 8 чэрвеня ў 12:30 паводле польскага часу. На яе сабралася некалькі дзясяткаў чалавек.

Пікет на польска-беларускай мяжы ў пункце пропуску «Баброўнікі-Бераставіца», 8 чэрвеня 2021 г.

Арцыбіскупа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія вызвалілі ад пасады

Рашэнне аб вызваленні ад пасады арцыбіскупа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія было прынята 8 чэрвеня на пасяджэнні Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы. Пра гэта паведаміў 9 чэрвеня ў 9.29 ананімны Telegram-канал, набліжаны да ўладаў. Афіцыйна інфармацыю пацвердзілі ў 15:30 на Афіцыйным сате Маскоўскага Патрыярхату.

Прымусовая падпіска ў Смаргоні

У «Нашу Н**у» трапіў афіцыйны дакумент, які абавязвае падпісвацца на дзяржаўную прэсу. Іерархія прымусовай падпіскі ў будаўнічай арганізацыі Смаргонскага раёна такая:

▪️ «Раёнка» «Светлы шлях» — 231,
▪️ «СБ «Беларусь сегодня» — 44,
▪️ «Знамя Юности» — 24,
▪️ «Гродзенская праўда» — 11,
▪️ «7 дней» — 11,
▪️ «Звязда» — 8,
▪️ «Республика» — 6.

Праваабаронцу выклікалі ў міліцыю

Праваабаронцу Алеся Дзергачова са Смаргоні запрасілі на пасяджэнне Савета грамадскага пункта аховы правапарадку. Туды 9 чэрвеня выклікалі восем чалавек, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту ці назіралі за імі, для «прафілактычнай працы».

Прысуд медыку

У судзе Лідскага раёна 9 чэрвеня абвясцілі прысуд былому фельчару хуткай дапамогі і прадаўцу ў «5 элеменце» Алегу Краўцову. Яго абвінавачвалі ў актыўных дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК) і наўмыснае прывядзенне ў непрыгоднасць транспартнага сродку або шляхоў злучэння (ч. 1 арт. 309 КК), паведамляе праваабарончая арганізацыя «Вясна».

Суддзя Максім Філатаў палічыў віну мужчыны даказанай і па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 3 гады.

У рамках крымінальнай справы Краўцова затрымалі 4 лістапада проста на месцы працы ў «5 элеменце» за тое, што ён нібыта абкручваў дротам рэйкі на чыгунцы, каб заблакаваць рух цягнікоў.

У Анджэя Пачобута — каранавірус

Палітвязень Анджэй Пачобут, які праходзіць па «польскай справе», захварэў на каранавірус. Раней яму адмовілі ў спатканні з жонкай і дачкой.

Ён напісаў, што пасля таго, як яго звазілі ў СК і вярнулі назад у турму, а не вывезлі, адразу адчуў на сабе прыкметы незадаволенасці вынікам паездкі. Яго перавялі ў іншую камеру. Плюс зараз ён пад асаблівым кантролем, пастаянныя праверкі і рапарты аб тым, што ён стаіць на прафілактычным уліку, паведаміла БАЖ жонка журналіста.

Затрыманне анархістаў

9 чэрвеня ў Telegram-канале, набліжаным да праваахоўных органаў, з’явілася інфармацыя пра затрыманне ў Гродне актывістаў анархісцкага руху. Стала вядома, што размова ідзе пра 24-гадовага Аляксандра Мася і 30-гадовага Артура Крыштаповіча. Паводле папярэдняй інфармацыі, ім інкрымінуюць арт. 285 КК «Стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй». Гродзенцаў даставілі ў Мінск, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Крымінальная справа за жнівень мінулага года

Аператыўнікі Гродзенскага ўпраўлення ГУБАЗіК затрымалі траіх жыхароў абласнога цэнтра (26, 29 і 37 гадоў), якія, па іх версіі, у мінулым годзе мелі намер здзяйсняць злачынствы супраць грамадскага парадку. Следчыя распачалі крымінальную справу за падрыхтоўку да арганізацыі і ўдзелу ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

У мінулым жніўні яны перавозілі ў аўтамабілі металічных «ёжыкаў», гаручую сумесь, нажы, а таксама пратэстную сімволіку і ўлёткі з заклікамі да праваахоўнікаў «пераходзіць на бок народа», паведамляюць у МУС.

Са слоў затрыманых, на падрыхтоўку да злачыннай дзейнасці яны наважыліся пад інфармацыйным уздзеяннем дэструктыўных Telegram-каналаў. У інтэрнэце знайшлі агітацыйную прадукцыю і інструкцыю па вырабе так званага кактэйлю Молатава.

Чарговы суд над Hrodna.life

Рэдактара інтэрнэт-партала Hrodna.life Аляксея Шоту 11 чэрвеня праз sms запрасілі ў суд Ленінскага раёна Гродна. 18 чэрвеня ў 11:00 яго будуць судзіць па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў).

Абскарджанне штрафу

Актывіст з Варнянаў Мікалай Уласевіч падаў скаргу на пастанову Астравецкага раённага суда. 17 траўня яго аштрафавалі на 40 базавых велічынь за БЧБ-сцяг у альтанцы дома, паведамляе «Гарадзенская вясна».

Чарговы суд за абразу міліцыянта

У Гродне 22 чэрвеня будуць судзіць Таццяну Кашко па арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады». Суддзёй на працэс прызначаная Алена Пятрова з суда Ленінскага раёна Гродна. Таццяну Кашко абвінавачваюць у тым, што ў адным з Telegram-каналаў яна сваім пастом абразіла аднаго з міліцыянтаў, паведамляе «Гарадзенская вясна».

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024