Рэдакцыя Hrodna.life паспрабавала ўзяць інтэрв'ю ў старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка. Нам адмовілі, і мы накіравалі афіцыйны запыт. У адказ на яго Hrodna.life прапанавалі паглядзець папярэднія інтэрв'ю і пачытаць Facebook Караніка. Раней па інтэрв'ю Hrodna.life звярнуліся да новага кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Ігара Бабыра — ён адмовіў.
Уладзімір Каранік
- нарадзіўся ў Гродне ў 1973 годзе
- вырас на вуліцы Сухамбаева, вучыўся ў СШ № 16
- скончыў лячэбны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута, кандыдат медыцынскіх навук
- працаваў галоўным урачом Мінскага гарадскога клінічнага анкадыспансера (2011−2019)
- міністр аховы здароўя Беларусі (2019−2020)
- з 22 жніўня 2020 года — старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта
Пра што мы хацелі пацікавіцца ва Уладзіміра Караніка?
- як ён ацэньвае сваю працу на пасадзе кіраўніка вобласці за апошнія дзевяць месяцаў;
- аб нявырашаных праблемах у вобласці;
- у чым плюс кіраўніка, які нарадзіўся і вырас у вобласці, якую пазней узначаліў;
- аб галоўным поспеху на ранейшым месцы працы ў Міністэрстве аховы здароўя;
- сітуацыі з каронавірусам ў рэгіёне;
- з якімі праблемамі і як да яго часцей за ўсё звяртаюцца гродзенцы;
- пра лёс крымінальнай справы па скаргах на перавышэньне супрацоўнікамі сілавых структур сваіх паўнамоцтваў, аб якой Уладзімір Каранік згадаў у ходзе гутаркі з супрацоўнікамі драмтэатра;
- пра пераслед Гродзенскага дзіцячага хоспіса;
- чым ён ганарыцца ў сваёй працы.
Што адказалі ў аблвыканкаме Hrodna.life?
«Практычна ўсе пазначаныя вамі пытанні раней падымаліся рэспубліканскімі і рэгіянальнымі сродкамі масавай інфармацыі, агучваліся падчас прамога эфіру (stream) з удзелам старшыні Гродзенскага аблвыканкама (https://www.youtube.com/watch?v=BbkMCCcVe4E) і ў яго афіцыйным акаунце сацыяльнай сеткі Facebook (https://www.facebook.com/vl.karanik). Адпаведна адказы на іх маюцца ў вольным доступе.
Адносна пытанняў, якія тычацца расследавання крымінальных спраў і выканання патрабаванняў заканадаўства, неабходна звяртацца ў адпаведныя праваахоўныя органы згодна з іх кампетэнцыяй", — адказалі ў пісьмовым адказе за подпісам намесніка старшыні Віктара Пранюка.
Чытайце таксама:
- «Больше всего на свете боюсь за детей и семью». Большое интервью Владимира Караника в цитатах
- Каранік: у Гродне завялі адну крымінальную справу па скаргах на сілавікоў
- Владимир Караник на встрече с активистами из ГрГУ в Гродно: «А кто первым начал? Неделю ходили с БЧБ незаконно«
- "Давайте два года на Конституцию, а потом всё будет хорошо». О чем говорил Владимир Караник в Гродненском драмтеатре после остановки спектакля
Чаму мы адправілі запыт?
Журналісты недзяржаўных рэсурсаў спрабавалі пагаварыць з Уладзімірам Каранікам яшчэ пасля яго прызначэння ў жніўні. 26 жніўня ля «Гродна Азот» ён сказаў, што дасць інтэрв'ю, «калі складзе меркаванне аб сітуацыі». 22 верасня ля драмтэатра, калі журналісты прапанавалі Караніку адказаць на іх пытанні, ён сказаў: «Навошта?».
На пытанне аб інтэрв'ю ў прэс-службе аблвыканкама адказалі: «У мяне на стале цяпер ляжыць сем заявак. Я працую са СМІ. Калі вы як прыватная асоба звяртаецеся, то ў парадку зваротаў грамадзян накіроўвайце. Іх (інтэрнэт-рэсурсаў - Hrodna.life) шмат. Тое ж самае, што любы сёння Іваноў, Пятроў, Сідараў будзе тэлефанаваць з кожнай кватэры. Скажа, я вяду свой блог, старонку, я хачу (інтэрв'ю — Hrodna.life) — будзе сотні тысяч такіх заявак». Нагадаем, згодна з п. 1.1 арт. 30 Закона аб СМІ, уладальнік інтэрнэт-рэсурсу мае права збіраць, атрымліваць, перадаваць і распаўсюджваць інфармацыю любым спосабам у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Чаму мы папрасілі аб інтэрв'ю?
Як мы пісалі раней, чыноўнікі і сілавікі не раз казалі аб тым, што мы не прадстаўляем у тэкстах бок улады. Мы хочам паказаць, што, наадварот, часта звяртаемся па каментар да прадстаўнікоў улады, але, на жаль, не атрымліваем адказаў.