У Гродне плануюць зрабіць больш пешаходных зон і стварыць вуліцы, даступныя толькі для грамадскага транспарту. Апошнія ў Беларусі яшчэ нідзе не выкарыстоўваліся. Аб тым, як ачысціць цэнтр горада ад машын гаварылі на прэзентацыі праекта дэталёвага планавання цэнтра 25 траўня.
Праект распрацавалі ў «БелНДІПгорадабудаўніцтва». У яго аснове — зацверджаны генплан развіцця горада. У складзе дэталёвага плана распрацавалі і праект рэгенерацыі гістарычнага цэнтра. Тэрыторыя, якую ахоплівае дэталёвы план — 600 га. Яна цалкам уключае ў сябе гісторыка-культурную каштоўнасць «Гістарычны цэнтр горада Гродна».
Чытайце таксама: Што забаранілі рабіць у Старым Гродне: Мінкульт зацвердзіў ахоўную зону гістарычнага цэнтра
Галоўная задача дэталёвага планавання — захаваць гісторыка-культурную спадчыну, забяспечыць устойлівае і бяспечнае асяроддзе пражывання для жыхароў цэнтра і павысіць патэнцыял гістарычнай часткі, распавяла галоўная архітэктарка праекта Яўгенія Пашкевіч. Архітэктурна-планіровачную частку праекта прадставіў гараджанам адзін з аўтараў, Антон Пятрухін. Другі аўтар архітэктурнай ідэі - Юлія Якубіцкая.
Самай вялікай праблемай для цэнтра, пазначанай і ў генплане, архітэктары лічаць транзіт аўтамабіляў з поўначы на поўдзень і назад праз гістарычную тэрыторыю.
Паводле плану вакол цэнтра Гродна сфармуецца «малы абыход» — паўкола з некалькіх вуліц для праезду транспарту па-за межамі цэнтра, прыблізна 3 на 3 км. Яго створаць яшчэ не пабудаваная частка праспекта Будаўнікоў як працяг вуліцы Вясновай, вуліца Каліноўскага (будзе рэканструкцыя), Астроўскага, яе запланаваны працяг, вуліца Будзёнага, звязаныя ў будучыні вуліцы Парыжскай камуны, Падгорная, Маставая, вуліца Савецкіх пагранічнікаў і Паповіча. Праектная дакументацыя для гэтага распрацавана, пералічаныя вуліцы ўваходзяць у першы этап рэалізацыі генплана, да 2025 года. Кальцо будзе фарміравацца паступова, і паступова будуць перамыкацца аўтамабільныя патокі, распавялі архітэктары.
Галоўная ідэя такога праекта — стварэнне бястранспартнай зоны ў межах вуліц Давіда Гарадзенскага, Вялікай Траецкай, Віленскай, Ажэшкі і Сацыялістычнай. Пешаходнай стане тэрыторыя прыкладна 600 на 900 м.
У рамках праекта распрацавалі пяць катэгорый вуліц зыходзячы са ступені доступу аўтамабіляў у гістарычны цэнтр і ступені свабоды пешаходаў. Гэта:
Да пешаходных вуліцаў будзе доступ толькі ў аўтамабіляў жыхароў. Па пешаходна-транспартных вуліцах машыны змогуць праехаць транзітам, але для іх будуць створаныя абмежаванні ў хуткасці.
Вуліцы, дзе забаронены праезд аўтамабіляў, акрамя транспарту абслугоўвання, але адкрытыя для грамадскага транспарту — распаўсюджаная практыка ў Еўропе. На іх, як правіла, няма асфальту, яны пакрытыя спецыяльнай пліткай, колерам вылучаныя траекторыі грамадскага транспарту. У Беларусі ж такі тып вуліц прапанавалі выкарыстоўваць упершыню. Такі рух прапануюць зрабіць на ўчастку вуліцы Карла Маркса, участку Кірава і Сацыялістычнай.
«Часта ўсё ўпіраецца ў звычкі гараджан і сур’ёзную сітуацыйную працу. Трэба перыядычна ладзіць дні без аўтамабіля, і не перакрываць адразу ўвесь цэнтр, а толькі канкрэтныя вуліцы», — лічыць аўтар праекта Антон Пятрухін.
Для машын, якія не паедуць у цэнтр, планам прадугледжаны новыя паркоўкі. Гэта шматпавярховыя, у 2−4 паверхі, наземныя паркінгі ўздоўж вуліцы Будзёнага. Імі плануюць замяніць звычайныя стаянкі, якія там ёсць зараз. На першым паверсе такіх паркінгаў будуць памяшканні адміністрацыйнага прызначэння. На думку архітэктараў, іх ужо можна пачынаць будаваць. У новым мікрараёне Вясновы шматпавярховы паркінг прадугледжаны на кальцы вуліцы Вясновай і праспекта Будаўнікоў. Яго пабудуюць да 2025 года.
Буйны паркінг улічаны ў генплане на поўдзень ад Цэнтральнага рынку (паміж Белуша і Падольнай). Гэта будзе шматфункцыянальны комплекс на пад’ездзе да цэнтру горада.
Яшчэ адным варыянтам можа стаць двухпавярховы наземны паркінг на месцы стаянкі на Вялікай Траецкай. Туды змогуць заязджаць і турыстычныя аўтобусы. Надземны паркінг зменнай паверхавасці (2−4 паверхі) з’явіцца за аблвыканкамам на месцы дзеючай стаянкі.
Падземны паркінг з’явіцца ў раёне Гарадской клінічнай бальніцы № 2. Ён будзе абслугоўваць не толькі бальніцу, але і жыхароў бліжэйшых дамоў. Буйны падземны паркінг прадугледжаны каля чыгуначнага вакзала замест наземнай стаянкі.
Таксама падземны паркінг прапануюць уладкаваць на плошчы Савецкай, дзе запланавана аднаўленне палаца Радзівілаў і квартала Брэгмана. Невялікі падземны паркінг можа з’явіцца на плошчы Леніна, з боку будынка былога архіва, не закранаючы яго. Трэцім магчымым месцам для падземнага паркінга можа стаць тэрыторыя турмы № 1, якую аўтары праекта прапануюць вынесці з гістарычнага цэнтра. Ва ўсіх гэтых месцах папярэдне, згодна з Кодэксам аб культуры, павінны правесці археалагічныя пошукі.
«Дадзеныя рашэнні даюцца складана. Нельга размясціць машыны ўсіх жадаючых патрапіць у цэнтр. Трэба проста шляхам нейкіх забаронаў паступова пашыраць бястранспартную зону Гродна», — лічыць аўтар праекта.
Стары цэнтр ўзнікаў, калі не было столькі аўтамабіляў, і цяпер неабходна абараніць існую спадчыну максімальна магчымымі тэхнічнымі сродкамі, дадала галоўная архітэктарка праекта Яўгенія Пашкевіч. Паказчык аўтамабілізацыі павінен падаць, лічыць яна. «Мы не павінны ганарыцца тым, што ў нас чатырыста аўтамабіляў на тысячу жыхароў. Гэта стварае праблемы і для жыхароў, і для экалогіі, і для такіх унікальных тэрыторый, як цэнтр».
Чытайце таксама: Гродно, дыши глубже! Что с воздухом в самом автомобилизированном городе Беларуси
Зараз на тэрыторыі цэнтра пражывае 17 000 чалавек. Праекціроўшчыкі прагназуюць сур’ёзныя пераўтварэнні ў ачышчэнні цэнтра ад машын ужо пасля 2025 года, калі, па тэрмінах, павінна быць скончана абходнае кальцо. Агульная ж тэндэнцыя такая, што рэалізацыя транспартных рашэнняў адстае ад прагназаваных тэрмінаў на 10 гадоў.
«Пешаходнасць [для цэнтра] - складаная. Яна закранае вуліцы, якія зараз — транспартныя артэрыі, такія як Сацыялістычная. Але калі нічога не пачынаць, нічога не атрымаецца», — так ацаніла прапановы праекціроўшчыкаў гродзенская архитекторка Алена Счасная.
Заказчык дэталёвага плана гістарычнага цэнтра Гродна — Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. Прапановы і заўвагі па выніках грамадскага абмеркавання праекта накіруюць у «БелНДІПгорадабудаўніцтва» для ўдакладнення праекта. Пасля гэта ён пройдзе санітарную, экалагічную экспертызу ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў, Глаўдзяржбудэкспертызу і ўзгадненне з зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі. Не ўсе прапановы аўтараў праекта могуць патрапіць у выніковы варыянт. Усе ўзгадненні павінны завяршыць да жніўня 2021 года. Зацвярджаць дэталёвы план будзе Савет міністраў.
Чытайце таксама: Арт-угол, молодёжное пространство и Городничанка по площади Ленина. Гродненка предлагает сделать центр удобным для горожан
На вуліцы Савецкай у Гродне на месцы "Дзіцячага свету" адкрылі бар "На Луне". Мяркуючы па…
"Гродна. Турыстычная карта для гасцей горада" выйдзе накладам 6000 штук. Усе асобнікі будуць толькі на…
На таргі выставілі ўчастак каля кальцавой развязкі праспекта Касманаўтаў і вуліцы Карскага. Згодна з прызначэннем…
Сэрвіс карт ад Google абнавіў спадарожнікавыя фатаграфіі Гродна. На іх можна ўбачыць найбуйнейшыя будоўлі горада,…
Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…
Праз дарогу ад гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы прадаюць трохпакаёўку ў новым доме.…