Першы плогінг-забег прайшоў у Гродне 23 траўня. Дыстанцыю ў 2,5 кіламетра ў пошуках смецця пераадолелі 47 гродзенцаў. Разам яны сабралі 247 кг (1535 л) смецця. Карэспандэнтка Hrodna.life далучылася да забегу, каб даведацца пра ўражанні ўдзельнікаў.
Шмат прыгожых месцаў і ўсюды шмат смецця
Першымі да фінішу дабеглі Марына і Іна. «Бегчы было няцяжка і цікава. Часта спыняліся і збіралі смецце, — расказалі дзяўчаты. — Прабягалі каля бэзавага саду, каля аэраклуба ў Караліно — шмат прыгожых месцаў. І ўсюды было шмат смецця. У адным месцы знайшлі схаванае пахаванне сабакі з надпісам на помніку «Ціма, ты быў добрым».
Дзяўчаты распавялі, што захапляюцца спортам на аматарскім узроўні: «Бегаем, плаваем, займаемся ёгай». Пра плогінг-забег даведаліся аднымі з першых з Instagram-акаўнта арганізатараў.
Плогінг-забег прайшоў у шасці гарадах Беларусі. Гродзенцы бегалі ў раёне старога аэрадрома «Караліно» і Юбілейнага возера. Летам гэтыя пляцоўкі становяцца традыцыйнымі месцамі адпачынку гродзенцаў. Тут праходзяць аўтамабільны фестываль SunDay, авіяцыйны фестываль, працуе летні аўтакінатэатр.
Чытайце таксама: Совместить пробежку и сбор мусора: в Гродно пройдет плоггинг-забег
Весела, а галоўнае з карысцю
Разам з дзецьмі і вучнямі ўдзельнічала ў плогінг-забегу Валянціна Замана з бегавога клуба Run4Fun.
«Так бегаць я згодная, — кажа Валянціна. — У калектыве, весела, а галоўнае — з карысцю. Смецця шмат, мы сабралі тры пакеты». Адна з яе вучаніц, дзевяцігадовая Маша, кажа, што «бегчы было весела, я зусім не стамілася».
Аднавіцца на фоне прыроды
Міхаіл Войцішык даведаўся пра забег з сацыяльных сетак і прыйшоў «на замінку» пасля спаборніцтваў, у якіх удзельнічаў напярэдадні. «Вядома, спадабалася. [На ўчорашнім забегу] стаміўся. А тут аднавіўся на фоне прыроды».