19 траўня ў Баранавічах разбіўся ваенны самалёт Лідскай штурмавой авіябазы. Ён упаў у прыватным сектары. Абодва лётчыкі загінулі.
Самалёт, які пацярпеў крушэнне, Як-130, належаў Лідскай штурмавой авіябазе, паведамілі у Міністэрстве абароны. Пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту экіпаж выявіў тэхнічную няспраўнасць. Пілоты паспрабавалі адвесці самалёт ад населенага пункта. «Пераканаўшыся, што траекторыя падзення самалёта знаходзіцца па-за жылымі дамамі, лётчыкі катапультаваліся. На жаль, абодва лётчыкі загінулі», — паведаміла прэс-служба ведамства. Палёт выконвалі камандзір звяна вучэбна-баявой эскадрыллі 116-й шаб маёр Андрэй Уладзіміравіч Нічыпарчык і лейтэнант Мікіта Барысавіч Куканенка, лётчык звяна вучэбна-баявой эскадрыллі на Як-130 116-й шаб.
Самалёт узлятаў з аэрадрома па кірунку ва Усходні мікрараён, паведаміла баранавіцкае выданне"Наш край".


Паводле Мінабароны, іншых ахвяр і разбурэнняў няма. Наступствы крушэння ліквідуе МНС. Да месца здарэння выехала камісія Міністэрства абароны.
«Вокны ў двух суседніх дамоў выбітыя. На месцы працуюць машыны МНС», — расказаў Onliner сведка. — Аскепкі рассыпаліся на 100 метраў ад падзення, пашкодзілі фасады будынкаў, вокны. Самалёт упаў паміж двух двухпавярховых дамоў па вуліцы Фестывальнай. На адным будынку бачны парашут пілота. Па перыметры знаходзяцца ваенныя".

Раней мэр Баранавічаў Юрый Громакоўскі анансаваў авіяшоў у гонар 150-годдзя Баранавічаў. На аэрадроме 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы на 22 траўня запланаваны дэманстрацыйныя палёты і парашутныя скачкі.
18 траўня пачалася раптоўная праверка баявой гатоўнасці ракетных войскаў Узброеных сіл Беларусі, паведамлялі ў Міністэрстве абароны. Усяго будзе задзейнічана да 100 адзінак тэхнікі і больш за 500 чалавек асабовага складу. Да праверкі прыцягваюцца воінскія часткі і падраздзяленні комплексаў тактычных ракет «Кропка-У», рэактыўных сістэм залпавага агню «Паланэз», «Смерч», «Ураган». Завершыцца праверка кантрольнымі заняткамі па нанясенні ракетных удараў.