Відэааператар Андрэй Фралоў каля 20.45 19 траўня выйшаў з Лідскага ІЧУ. Яго сустрэлі блізкія і калегі.
Аўтамабіль Андрэя ўсё яшчэ знаходзіцца на штрафстаянцы — ідзе праверка. Тэхніку, акрамя флэшкарты, яму вярнулі. Сем сутак з 15 Андрэй правёў адзін у камеры. З перадачы яму прынялі толькі адзенне — іншае, па словах супрацоўнікаў, было «не паложана». Сем сутак Андрэй адмаўляўся ад ежы з-за ўмоў утрымання. Жонка відэааператара адзначыла, што ён схуднеў.
Андрэя Фралова затрымалі ўвечары 4 траўня ў Бярозаўцы і змясцілі у Лідскі ізалятар часовага ўтрымання. Да суда ён знаходзіўся там. Суд над гродзенскім відэааператарам прайшоў 7 траўня ў Лідскім раённым судзе. Ён атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту і штраф у 30 базавых велічынь (870 рублёў).
Андрэя Фралова судзілі па ч. 3 арт 23.5 (Незаконныя выраб або распаўсюд прадукцыі СМІ) і арт. 24.3 (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы) КаАП. Справу разглядаў суддзя Максім Філатаў. Гэта ён асудзіў актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка на пяць гадоў калёніі.
Чытайце таксама: