Гродзенская крама сувеніраў і адзення ў нацыянальным стылі “Адметнасць” атрымала прадпісанне з аддзела ідэалогіі Гродзенскага гарвыканкама. У ім сказана, што на таварах размешчана палітычная рэклама з парушэннем Закона аб рэкламе. 

“Так, на прапанаваных да продажу прадметах адзення і сувенірнай прадукцыі змяшчаецца інфармацыя, якая парушае палітычныя і іншыя перакананні грамадзян”, – сказана ў дакуменце. 

Парушэнне выявілі ў час маніторынгу 21 красавіка на прадмет выканання заканадаўства, удакладняюць у прадпісанні. “Аказваецца, у нас быў маніторынг!”, – абураецца супрацоўніца крамы Вольга Верамеенка.

Аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі гарвыканкама адзначае парушэнне арт. 26 п. 3 Закона аб рэкламе (Неналежная рэклама). За парушэнне для індывідуальнага прадпрымальніка прадугледжаны штраф ад 10 да 20 базавых велічынь (ад 290 да 580 рублёў). Упраўленне гандлю і паслуг гарвыканкама загадвае ліквідаваць парушэнне ў трохдзённы тэрмін. Таксама цягам сямі дзён трэба пісьмова інфармаваць аддзел ідэалогіі аб прынятых мерах.

У краме распавялі, што пакуль не разумеюць, што рабіць. У дакуменце не тлумачаць, пра якую менавіта інфармацыю і на якіх прадметах ідзе гаворка. Уласнік крамы Сяргей Верамеенка збіраецца раіцца з юрыстамі.

Датэлефанавацца ў аддзел ідэалагічнай працы гарвыканкама і атрымаць там каментар Hrodna.life не ўдалося.

Другая прэтэнзія за тыдзень

21 красавіка “Адметнасць” атрымала запыт ад упраўлення гандлю гарвыканкама на прадастаўленне інфармацыі ў сувязі з атрыманымі скаргамі. Скаргі на продаж бел-чырвона-белай сімволікі гарадскія ўлады атрымалі ад Аляксандра Кавалёва з вёскі Бігосава Верхнедзвінскага раёна (Віцебская вобласць). Ён назваў бела-чырвона-белы сцяг “пранацысцка-пратэстным”.

Аляксандр Кавалёў за апошні час напісаў пяць розных скаргаў на бела-чырвона-белую сімволіку, прычым сярод іх ёсць скарга на заўзятара маскоўскага «Спартака». Шмат зваротаў прысвечаны сэнсу і паходжанню лозунгу «Жыве Беларусь!». Таксама ён аўтар петыцыі на change.org з просьбай аб імпічменце Аляксандру Лукашэнку і ўсталяванні ў Беларусі парламенцкай рэспублікі. Кавалёў склаў электронны зварот у Палату прадстаўнікоў аб адмене тэхагляду, піша “Еўрарадыё”.

Чытайце таксама: Гродненский магазин «Адметнасць «ответил на жалобу по поводу «пронацистско-протестных «флагов

Крама «Адметнасць» працуе ў цэнтры Гродна з 2018 года. Яна спецыялізуецца на продажы сувеніраў з гістарычнай нацыянальнай беларускай сімволікай, адзення з арнаментам, рэчаў ручной працы. За апошні год многія падобныя крамы ў Беларусі зачынілі ў сувязі з рознымі прычынамі з боку ўладаў.