Навіны

Скідзельскаму цукроваму камбінату дадуць крэдыт на 40 млн рублёў пад урадавыя гарантыі. Яго страты за 2020 — большыя

Крэдыты пад урадавыя гарантыі па пагашэнні асноўнай пазыкі дадуць тром з чатырох цукровых заводаў Беларусі. Гэта Скідзельскі і Гарадзейскі цукровыя камбінаты і Жабінкаўскі цукровы завод. За 2020 год у іх засталіся непакрытыя страты. У Скідзельскага камбіната яны самыя вялікія — 50,6 млн рублёў.

Максімальная сума крэдыту для кожнага з трох заводаў - 40 млн рублёў. «Беларусбанк» атрымае гарантыі ўрада Беларусі. Плата за прадастаўленне гарантый складзе 0,01% ад сумы крэдыту. Адпаведная пастанова Савета міністраў з’явілася на нацыянальным прававым партале 21 красавіка і ўступіла ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.

Пры тым непакрытыя страты Скідзельскага цукровага камбіната, згодна з фінансавай справаздачай прадпрыемства, у 2020 годзе склалі 50,6 млн рублёў. Гэта больш, чым у Гарадзейскага цукровага камбіната (10 млн рублёў) і Жабінкаўскага цукровага завода (19 млн. рублёў).

Праўда, чысты прыбытак Скідзельскага камбіната за 2020 год склаў 129 тыс. рублёў (у 2019 годзе былі страты 603 тыс. рублёў). Выручка ў 2020 годзе вырасла з 121,7 млн да 172,7 млн. Доўгатэрміновыя абавязацельствы камбіната склалі 150 млн рублёў (у 2019 было 120 млн).

Неплацежаздольнасць устойлівага характару

У аўдытарскім заключэнні па бухгалтарскай дзейнасці Скідзельскага цукровага камбіната за 2020 год ёсць падраздзел «Істотная нявызначанасць у дачыненні да бесперапыннасці дзейнасці». Такі ж падраздзел прысутнічае ў дакументах Жабінкаўскага цукровага завода і Гарадзейскага цукровага камбіната.

Аналіз аўдытараў паказаў, што структура бухгалтарскага балансу нездавальная, а кароткатэрміновыя абавязацельствы істотна перавышаюць кароткатэрміновыя актывы. Паказнікі фінансавай устойлівасці Скідзельскага цукровага камбіната сведчаць пра неплацежаздольнасць, якая набывае ўстойлівы характар, сказана ў дакуменце.

Слуцкі цукрарафінадны камбінат, мяркуючы па заключэнні аўдытараў, у лепшым стане. Праўда, у часе аўдыту яны не атрымалі эканамічнага абгрунтавання прымененай цаны па ўгодах 2020 года. Праз гэта засталіся пытанні да паўнаты падатку на прыбытак і звязаных з ім паказніках. Такая ж сітуацыя ў Гарадзейскага цукровага камбіната.

У пачатку 2020 года затрымалі дырэктараў усіх чатырох беларускіх цукровых заводаў. «Цукровая справа» пачалася з таго, што 24 студзеня над Польшчай развярнулі самалёт Мінск-Мюнхен і пасадзілі яго ў Гродне. На борце быў дырэктар Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаіл Крыштаповіч. У Гродзенскай вобласці тады затрымалі генеральнага дырэктара Скідзельскага цукровага камбіната Дзмітрыя Ягорава. Затрымалі і Віктара Міронава (Жабінкаўскі цукровы завод) і Мікалая Прудніка (Слуцкі камбінат; цяпер мужчына на волі). Былі распачатыя крымінальныя справы па факце давання і атрымання хабару. Справу расследаваў КДБ. У студзені 2021 года яшчэ аднаго з былых кіраўнікоў Скідзельскага цукровага камбіната асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за хабар.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пекла на зямлі». Гродзенка падзялілася, як працуе кадастравае агенцтва падчас рамонту

Шматгадзінныя чэргі, перфаратар і два акенца на рэгістрацыю. Дзяўчына схадзіла ў Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай…

21 лютага 2025

У конкурсе «Гродна Азот» да Дня роднай мовы паўдзельнічалі два пенсіянеры і ідэолаг

Прадпрыемства "Гродна Азот" 12 лютага ў Telegram-канале анансавала конкурс да Дня роднай мовы. Да самога…

21 лютага 2025

У Польшчы закрылі справу аб давядзенні беларускага экс-палітвязня да самагубства

Палітзняволены з Гродна Кірыл Кетурка скончыў жыццё самагубствам у Цэнтры ўтрымання пад вартай у Варшаве-Служэўцы…

21 лютага 2025

Дырэктара прадпрыемства з Ваўкавыскага раёна судзяць за разгалашэнне службовай таямніцы

Былому сенатару і дырэктару «Краснасельскбудматэрыялы» Уладзіміру Кісялёву пагражае да трох гадоў калоніі за разгалашэнне службовай…

21 лютага 2025

Сыркі «Малочнага Міру» не спадабаліся МАРГ — там знайшлі прапаганду нацызму

"Малочны Мір" абавязалі змяніць назву для серыі глазураваных сыркоў. Пасля чыёсьці скаргі ў Міністэрства антыманапольнага…

21 лютага 2025

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаецца кватэра — сапраўдны постсавецкі олдскул

На Гагарына, 25 у Гродне прадаецца двухпакаёвая кватэра з выдатна захаваным постсавецкім інтэр'ерам. Дом, у…

21 лютага 2025