Новости

У Гродне прызналі экстрэмісцкімі матэрыялы буйнога Telegram-канала. Што рабіць, калі вы яго падпісант

Па ініцыятыве пракуратуры гродзенскай суд прызнаў матэрыялы мясцовага Telegram-канала «Гродна 97%» экстрэмісцкімі. Зараз за рэпосты з яго і захоўванне матэрыялаў з яго лагатыпам пагражае адміністрацыйная адказнасць.

Пракуратура выявіла, што паведамленні на канале ўтрымліваюць заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці: блакавання дарог і чыгуначных шляхоў, «незаконнай забастоўкі, несанкцыянаваных мітынгаў і масавых беспарадкаў, актам вандалізму, хуліганскім дзеянням, а таксама гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў», паведаміла прэс-служба пракуратуры Гродзенскай вобласці 19 красавіка.

Пракурор горада накіраваў заяву ў суд Ленінскага раёна Гродна. Суддзя задаволіў патрабаванне пракуратуры і дапусціў выкананне рашэння неадкладна. Экстрэмісцкай прызналі інфармацыйную прадукцыю Telegram-канала з лагатыпам «Гродна 97%».

Копію рашэння суда накіравалі ў Міністэрства інфармацыі для ўключэння звестак у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Інтэрнэт-рэсурсы, «якія спрыяюць распаўсюджванню такіх матэрыялаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» (якія змяшчаюць такія матэрыялы), будуць блакаваць, сказана ў паведамленні.

Што рабіць, калі вы падпісант

На момант публікацыі матэрыялу на гродзенскі канал, пра які папярэдзіла пракуратура, было падпісана 16 362 чалавека. Адказнасць за захоўванне і распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў згодна з артыкулам 19.11 КаАП Рэспублікі Беларусь надыходзіць у выпадку, калі чалавек публікуе спасылкі, рэпосціць паведамленні або выявы, відэа з прызнаных экстрэмісцкімі каналаў.

Згодна з ч. 2 арт. 19.11 КаАП, распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюду такой прадукцыі цягне за сабой штраф ад 10 да 30 базавых велічынь для фізічнай асобы, альбо грамадскія працы, альбо адміністрацыйны арышт. ІП пагражае штраф ад 50 да 100 базавых велічынь, юрыдычнай асобе — ад 100 да 500 базавых велічынь. Таксама канфіскуюць прадмет правапарушэння і, магчыма, канфіскуюць прылады і сродкі здзяйснення правапарушэння.

Сама падпіска на канал не тоесная захоўванню экстрэмісцкіх матэрыялаў. Але за захоўванне на кампутары ці ў тэлефоне фота або відэа з канала могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.

У наладах Telegram па змаўчанні стаіць аўтаматычнае захаванне медыя на прыладу. Змяніць налады можна ў раздзеле «Налады — Даныя і сховішча — Аўтаспампоўванне медыя». Акрамя магчымай адміністрацыйнай адказнасці, праз аўтаматычную запампоўку перапаўняецца памяць тэлефона і расходуецца трафік.

Захаваныя раней матэрыялы трэба выдаляць асобна. У раздзеле «Выкарыстанне памяці» мабільнай версіі праграмы можна ачысціць кэш. Праверце таксама фотаальбомы на прыладзе (Telegram і нядаўна выдаленыя фота).

У версіі праграмы для кампутара гэтыя налады знаходзяцца ў раздзеле «Пашыраныя налады — Аўтаспампоўванне медыя» (асобна для каналаў, суполак і асабістых чатаў). Там жа можна наладзіць, колькі месца вы гатовыя вылучыць пад захоўванне файлаў Telegram. У вэб-версіі можна ачысціць гісторыю браўзера. На кампутары файлы Telegram захоўваюцца ў аднайменную тэчку ў «Загрузцы», калі іншае не пазначана ў наладах.

Якія яшчэ пратэстныя каналы прызнаныя экстрэмісцкімі

У рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў ужо ёсць іншыя рэгіянальныя Telegram-каналы, звязаныя з пратэстамі ў Беларусі. У лютым-сакавіку 2021 года пасля рашэнняў судоў у спіс патрапілі каналы «Витебск 97%» і «Чат невероятного Витебска», «Брест 97%» і «Брест: Слухи и факты», «Гомель: нас 97%», «Речица для Жизни ЧАТ», «Гомель Советский 97», «Светлогорск для жизни. Чат», «Мозырь 97%». Таксама ў сакавіку 2021 года экстрэмісцкімі былі прызнаныя Telegram-канал «Мая краіна Беларусь» (больш за 141 тысячу падпісчыкаў), канал блогера Антона Матолькі (больш за 134 тысяч), «Каратели Беларуси» і чат гэтай групы, канал «Водители 97». У кастрычніку 2020 суд прызнаў экстрэмісцкімі каналы Сцяпана Пуцілы (у найбольш буйнога з іх на момант публікацыі - 1,3 млн падпісчыкаў) і іх лагатып.

Як журналістаў штрафуюць за «захоўванне і распаўсюджванне»

Па рашэнні суда Ленінскага раёна Гродна ад 19 сакавіка 2021 Hrodna.life атрымаў штраф за распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі - 400 базавых велічынь (11 600 рублёў). Таксама галоўны рэдактар рэсурсу Аляксей Шота атрымаў штраф у 25 базавых велічынь (725 рублёў) па тым жа артыкуле і як фізічная асоба. Забраны ў час агляду у рэдакцыі ноўтбук канфіскавалі. Астатнюю забраную тэхніку адправілі на экспертызу і па гэтым факце пачалі асобную праверку.

Спасылкі і лагатып Telegram-канала Пуцілы, прызнаныя экстрэмісцкімі, у матэрыялах на сайце сапраўды былі. Але на той момант канал не быў прызнаны экстрэмісцкім. Пасля прызнання яго экстрэмісцкім Hrodna.life выдалілі ўсе згадкі на сайце, якія змаглі знайсці. А значыць, свядомага, мэтанакіраванага і наўмыснага распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў, якое ставілася ў віну Алексею Шоце, не было.

26 красавіка ў 16.00 у Гродзенскім абласным судзе (вул. Карбышава, 20) адбудзецца разгляд абскарджання рашэння суда аб штрафе для Hrodna.life.

12 красавіка паводле таго ж артыкула суд Ленінскага раёна прысудзіў рэдактару newgrodno.by Ігару Бублікаву (Рэмзіку) штраф у 25 базавых велічынь (725 рублёў). Сістэмны блок кампутара канфіскавалі. Таксама праверку праводзяць у дачыненні да «Газеты Слонімскай». Абодва выпадкі звязаны з публікацыямі, якія змяшчаюць матэрыялы Telegram-канала Сцяпана Пуцілы.

Чытайце таксама: У гродненского медиа угнали канал в Telegram. Правила кибербезопасности от Hrodna.life

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024