Суддзя Руслан Гурын 12 сакавіка аштрафаваў рэдактара newgrodno.by Ігара Бублікава (Рэмзіка) на 25 базавых велічынь (725 рублёў) за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сістэмны блок камп’ютара канфіскавалі. Справу разглядалі ў судзе Ленінскага раёна Гродна.
Ігару Рэмзіку 43 гады, ён не жанаты, малалетніх дзяцей няма, працуе індывідуальным прадпрымальнікам, за апошні год прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці.
Ігар Рэмзік прызнаў віну часткова. У судзе ён сказаў, што размясціў спасылку на Telegram-канал, прызнаны экстрэмісцкім, калі ён яшчэ такім не быў. Па яго словах, ён выдаліў усе спасылкі, якія знайшоў, але адну навіну ад 17 жніўня прапусціў. Рэдактар выкарыстаў спасылку менавіта на той канал, таму што на іншых рэсурсах патрэбнага відэа не было.
Навіна актуальная некалькі дзён, адзначыў Ігар. Апошнія прачытванне ў навіны было 21 жніўня, пасля чаго да студзеня, калі ў міліцыі пачалі праверку, яе ніхто не чытаў.
На YouTube-канале БЕЛТА таксама захавалася відэа з лагатыпам экстрэмісцкага канала, адзначыў Ігар. На яго думку, гэта даказвае тое, што тэхнічна адсачыць кожнае згадванне канала, прызнанага экстрэмісцкім, было немагчыма.
У працэсе ўдзельнічаў прадстаўнік Ленінскага РАУС Андрэй Пігульскі. Ён распавёў, што 21 студзеня падчас маніторынгу розных сайтаў у міліцыі выявілі на newgrodno.by спасылку, якая вяла на канал, прызнаны экстрэмізм. У міліцыі зарэгістравалі матэрыял праверкі, у Ігара дома правялі агляд, пасля чаго вынялі сістэмны блок. Падчас апытання Ігар віну не адмаўляў, распавёў прадстаўнік УУС.
На працу партала рашэнне суда не паўплывае, распавёў Ігар Hrodna.life. Рашэнне аб абскарджанні ён пакуль не прыняў.
Рэдактара гарадскога інтэрнэт-рэсурсу newgrodno.by Ігара Бублікава (Рэмзіка) абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 17.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў). Міліцыя знайшла на рэсурсе прадукцыю, прызнаную экстрэмісцкай. Пасяджэнне прызначылі на 17 сакавіка, але пазней перанеслі праз хваробу Ігара.
29 студзеня ў Ігара Рэмзіка і ў рэдакцыі Hrodna.life прайшлі агляды з выняццем тэхнікі.
Па тым жа артыкуле судзілі галоўнага рэдактара Hrodna.life Аляксея Шоту. Ён будзе абскарджваць рашэнне суда. Таксама праводзяць праверку ў дачыненні да «Газеты Слонімскай».
Чытайце таксама: