Сістэмы кікшэрынгу ў Гродне распачалі новы сезон. На пачатак красавіка ўжо працуюць дзве сістэмы. Hrodna.life даведаўся, колькі самакатаў выставілі на вуліцы горада і колькі будзе каштаваць іх арэнда.
Кікшэрынг — сістэма кароткатэрміновай арэнды самакатаў і электрасамакатаў па аналогіі з каршэрынгам і велашэрынгам. Першая сістэма кікшэрынгу з’явілася ў Гродне ўлетку 2019 года. У папярэднія сезоны самакаты не аднаразова станавіліся ахвярамі вандалаў: іх скрадалі, тапілі ў Нёмане, а таксама ламалі.
Eleven
Новая сістэма кікшэрынгу распачала працу ў горадзе 29 сакавіка. Раней «Eleven» працаваў толькі ў Мінску, але з павялічэннем папулярнасці кампанія вырашыла пашырыцца на Гродна і Брэст.
У горадзе выставілі 350 самакатаў. Кошты будуць такія ж як і ў сталіцы: старт 2 рублі, кожная хвіліна 30 капеек. У бліжэйшыя два месяцы кампанія плануе запусціць сістэму пакетаў на 30 і 60 хвілін, каб зрабіць паездку танней. Тыя, хто не мае банкаўскай карткі, змогуць аплаціць арэнду самаката праз мабільнага аператара.
Кампанія рыхтуецца да праблем з якімі сутыкаліся ў Мінску. «Самая папулярная праблема, калі людзі сталага веку думалі, што на вуліцы стаіць „нічый“ самакат і забіралі дадому. Зараз на кожным самакаце ёсць налепка, што гэта маёмасць „Eleven“». — распавялі Hrodna.life у кампаніі.
Праца кікшэрынгу плануецца да канца лістапада, але ўсё залежыць ад надвор’я.
Каб скарыстацца пракатам, трэба спампаваць праграму для Android або iOS
Samokato
Першая сістэма кікшэрынгу, якая з’явілася ў нашым горадзе. У 2019 годзе яе запусціла пара гродзенцаў Арцём і Вераніка. Самакаты гэтай кампаніі сёлета з’явіліся на вуліцах горада 1 красавіка. У гэтым сезоне кошты не змяніліся. Старт паездкі - 1,20 р. Кожная наступная хвіліна 20 капеек.
Каб скарыстацца пракатам, трэба спампаваць праграму для Android або iOS
Kolobike
Сістэма шэрынгу «Kolobike» вядома сваімі жоўтымі роварамі, але кампанія мае і электрасамакаты. У мінулым сезоне яны іх у Гродне не выстаўлялі, таму арэндаваць можна было толькі веласіпеды. У сваім тэлеграм-чаце прадстаўнікі «Kolobike» абяцаюць вярнуць транспарт на вуліцы і ў гэтым сезоне, але канкрэтных дат не называюць.
У размове з Hrodna.life прадстаўнікі шэрынгу не змаглі адказаць дакладна на пытанне, ці будуць у Гродне акрамя ровараў яшчэ і самакаты. Маўляў, гэта стане зразумелым у працэсе.
Цэны за арэнду ровара ў новым сезоне: пасадка — 50 капеек, хвіліна язды — 5 капеек. Для абласных цэнтраў ёсць абанементы: 30 хвілін — 1,5 рубля, гадзіна — 2,4 рубля.