12 сакавіка на судовым паседжанні павінны былі апытаць сведак па справе Ігара Банцэра. Сведка на суд не з’явіўся — пасяджэнне перанеслі на чацвер 18 сакавіка. Банцэр у канцы паседжання заявіў, што на сухой галадоўцы зможа пратрымацца да панядзелка. Паводле медыцынскай літаратуры, чалавек без ежы і вады жыве 7−10 дзён.

Падтрымаць Ігара Банцэра прыйшлі каля 40 чалавек: блізкія, сябры, калегі, праваабаронцы. Паседжанне пачалося з затрымкай на 30 хвілін. У залю пусцілі толькі палову ад усіх жадаючых. Ім забаранілі здымаць і папрасілі выключыць тэлефоны.

Ігару Банцэру 41 год. Ён — лідар гродзенскага стрыт-панк-гурта Mister X. У Гродне займаецца культурнай і грамадскай дзейнасцю. Жанаты, трое дзяцей. Вегетарыянец, антыфашыст, стрэйтэйджар. Гродзенскага музыку затрымалі 20 кастрычніка 2020 года і абвінавацілі ў хуліганстве за танец у стрынгах перад міліцыянтам 5 верасня. Ігара заключылі пад варту, трымалі ў адзіночнай камеры, адпраўлялі на прымусовую псіхіятрычную экспертызу ў Мінск, змяшчалі ў карцэр.

Ігар Банцэр выглядаў знясіленым, вены на яго твары і шыі былі напружаныя. Ён стаяў, прыхінуўшыся да шкла, з паднятымі ўверх рукамі ў кайданках. Голас музыканта стаў сіплым, Ігар казаў працяжна. Жонка Анжаліка Арэхва практычна неадрыўна глядзела на мужа.

Маці музыкі неаднаразова да і пасля пасяджэння прасіла Ігара пачаць піць ваду. «Не, не, не!" — крычаў Банцэр.

 — Вы сябе добра адчуваеце? — удакладніла перад пачаткам пасяджэння суддзя Наталля Козел.

— Я адчуваю сябе выдатна на 10-я суткі галадоўкі, — адказаў Ігар, — Дзякуй вам, Высокі суд!

 — Вы можаце ўдзельнічаць у судовым пасяджэнні?

 — А навошта мяне сюды, Высокі суд, даставілі на вашу думку?

Ігар Банцэр накіраваў зварот аб змене меры стрымання на падпіску аб нявыездзе. Яго разгледзелі на пасяджэнні 12 сакавіка — суддзя адмовіла. Пасля гэтага паседжанне перанеслі з-за няяўкі сведкі. Мама музыкі эмацыйна на гэта адрэагавала і заявіла, што на відэа бачна, што Банцэр быў у стрынгах, а не голым. «Забойства і ілжэсведчанні - самыя страшныя злачынствы!», — сказала яна.

Як развівалася справа Ігара Банцэра?