Новости

«Чарговай разборкі-зборкі не перажыве». Пад Гальшанамі зносяць старадаўнія хаты ў аграсядзібе

За пяць кіламетраў ад турыстычных Гальшан пачалі зносіць старадаўнія пабудовы на тэрыторыі аграсядзібы. Раней там хацелі ўладкаваць музей драўлянай архітэктуры. Уладальнік сядзібы перанёс туды стогадовы свіран і даваенны дом, каб захаваць іх і паказваць турыстам. Ашмянскі райвыканкам прызнаў іх самабудамі. Абскардзіць рашэнне ў вышэйшай інстанцыі не выйшла — знос пачаўся раней.

9 сакавіка працоўныя прыступілі да зносу пабудоў на шляхецкім хутары «Гальшанскі фальварак» у Родзевічах. Пачалі з даваеннай хаты, перанесенай туды з вёскі Дзеркаўшчына. Стогадовы свіран з фальварка Гарэцкаўшчына, помнік драўлянай архітэктуры пачатку XX стагоддзя, — на чарзе.

Старадаўні дом разбіраюць працаўнікі мясцовага ЖКГ. Фота: Алесь Варыкіш

Свіран яшчэ магчыма выратаваць. Напярэдадні зносу краязнаўца, дырэктар фонду «Краіна замкаў» і ўладальнік комплексу Аляксандр Варыкіш сам разбіў яго падмурак. Канструкцыю паставілі на драўляныя брускі. Пасля гэтага яна перастала лічыцца аб’ектам нерухомасці паводле азначэння артыкула 130 Грамадзянскага кодэкса, — гэта не капітальная пабудова, як напісана ў рашэнні аб зносе. Уладальнік спадзяецца, што знос праз гэтага спыняць, і свіран можна будзе зарэгістраваць.

«Гэта шанец выратаваць аб’ект. Бо чарговай разборкі-зборкі ён не перажыве, яму больш за 100 гадоў, — патлумачыў Аляксандр Варыкіш Hrodna.life. — Гэта была няпростая аперацыя, але мы змаглі».

Дровы ці ахоўны статус

Шэсць гадоў таму Аляксандр Варыкіш выкупіў старадаўні свіран у калгасу як дровы, каб захаваць пабудову. Ён кажа, што тады не было часу займацца праектнай дакументацыяй: перавёз свіран і даваенную хату на тэрыторыю і сабраў. Тады з’явілася ідэя стварэння міні-скансэна [музея драўлянай архітэктуры — заўв. Hrodna.life]: паступова збіраць старадаўнія пабудовы, у якіх няма шанцаў выжыць на сваіх месцах.

Аляксандр Варыкіш распавёў, што паказваў свіран доктару архітэктуры Сяргею Сергачову. Паводле яго слоў, той пацвердзіў каштоўнасць пабудовы. Шэсць гадоў на будынкі на тэрыторыі аграсядзібы ніхто з уладаў не звяртаў увагі, хоць пра іх ведалі.

Так выглядалі пабудовы ў канцы лютага, да пачатку зносу. Фота: Алесь Варыкіш

Рашэнне аб зносе з’явілася пасля праверкі фонду сямю інстанцыямі восенню 2020 года. Да гэтага, у верасні, з пазапланавай праверкай дзейнасці ў фонд прыйшоў дзяржкантроль. Варыкіш упэўнены, што праверкі палітычна матываваныя: ён дапамагаў прэс-службе Каардынацыйнага савета.


«Нас проверяли семь инстанций». Местные власти хотят снести старинные постройки под Гольшанами, владелец мечтает о скансене


27 кастрычніка 2020 года Гальшанскі сельскі выканаўчы камітэт вынес рашэнне аб зносе будынкаў паводле артыкула 223 Грамадзянскага кодэкса. Згодна з ёй, знос — крайняя мера: калі парушаныя інтарэсы трэціх асоб, калі пабудова знаходзіцца на чужой тэрыторыі, калі яна аварыйная. Аляксандр Варыкіш жа быў гатовы заплаціць штраф і аформіць будынкі па законе.

Рашэнне сельскага выканкама Варыкіш абскардзіў у раённым выканаўчым камітэце. Райвыканкам скаргу не задаволіў. У адказе ад 2 лютага спаслаліся на нямэтавае выкарыстанне зямлі, адсутнасць патрэбных дакументаў і тое, што будынкі не ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў раёна.

З праблемай захавання старадаўняй пабудовы Аляксандр быў і на прыёме ў міністра культуры Анатоля Маркевіча. Паводле яго слоў, той падтрымаў ідэю скансэна і ўзмацнення турыстычнага маршруту «Крэва-Гальшаны». Ён вельмі здзівіўся, што выканкам не можа законным парадкам вырашыць пытанне і аформіць будынкі.

«Ад ідэі скансэна не адступлю, будзем дзейнічаць сваімі сіламі»

Пасля адмовы райвыканкама Аляксандр Варыкіш падаў скаргу на рашэнне аб зносе ў аблвыканкам і чакаў адказу. Скаргу зарэгістравалі 1 сакавіка 2021. Паралельна ён напісаў хадайніцтва ў райвыканкам аб прыпыненні дзеяння пастановы аб зносе да рашэння аблвыканкама. Яго таксама зарэгістравалі.

Намеснік старшыні райвыканкама па пытаннях будаўніцтва, архітэктуры і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Клышэўскі адказаў Hrodna.life, што хадайніцтва не атрымліваў. «Ёсць канкрэтнае рашэнне па зносе незаконна пабудаваных пабудоў», — сказаў ён, і дадаў, што далей пытанне варта вырашаць праз суд. Начальніца ўпраўлення архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ашмянскага райвыканкама Ірына Ромма сказала Hrodna.life, што адмаўляецца як-небудзь каментаваць сітуацыю.

«Я не адступлю ад ідэі міні-скансэна. Зараз мы зразумелі, хто сябар, а хто вораг, і далей будзем дзейнічаць сваімі сіламі. Будзем праектаваць комплекс, афармляць яго. Праўда, гэта пытанне грошай», — кажа Аляксандр Варыкіш.

Раней ён спадзяваўся разам з мясцовай уладай развіваць турыстычны патэнцыял рэгіёну. Яго хутар знаходзіцца ў пяці кіламетрах ад Гальшан, дзе аднаўляюць замак XVII стагоддзя. Зараз яму прыйдзецца кампенсаваць знос будынкаў - пакуль сума не вядомая, але можа быць каля 10 тысяч рублёў.

«Гуканне вясны». Фота: zamak.by.

Фонд «Краіна замкаў» займаецца распрацоўкай і рэалізацыяй экскурсійных праграм па Беларусі і захаваннем помнікаў архітэктуры. З часу заснавання ў 2006 годзе ён выкупіў тры шляхецкія сядзібы: у Валожынскім раёне, у вёсках Бенюны і Родзевічы Ашмянскага раёна. Апошнія дзве ўваходзяць у веламаршрут «Шляхетский» на афіцыйным сайце Ашмянскага райвыканкама. У Родзевічах захаваўся цэлы комплекс: двор, шляхецкі дом 1918 году, гаспадарчыя пабудовы. Туды возяць турыстаў, праводзяць мерапрыемствы, прысвечаныя гісторыі і этнаграфіі, тэатралізаваныя экскурсіі.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024