Першы ліст ад незнаёмага чалавека Мікалай Аўтуховіч атрымаў 1 сакавіка. У зняволенні ён са снежня 2020. Да гэтага часу атрымліваў толькі лісты ад родных і знаёмых, і тыя ішлі па два тыдні, распавёў Мікалай у лісце гродзенцы, якая пажадала застацца ананімнай.
«Ведаю, што шмат людзей мяне віншавалі са святам і з днём народзінаў, але да мяне яны (лісты — Hrodna.life) не дайшлі», — напісаў Мікалай Аўтуховіч у адказе на ліст гродзенкі. Ён успомніў, што падчас папярэдняга зняволення атрымліваў па 700 віншаванняў у дзень на святы. Мікалай адзначыў, што ў «гэтым месцы» больш непрыемнасцяў, а магчымасць не заўсёды стане рэальнасцю.
«Як ёсць, так ёсць. Гэта мой шлях і я павінен яго прайсці. <…> Зараз і ў нас праз акенца бачна сонейка. Вясна абавязкова прыйдзе, гэта аксіёма. І ў сэрцах людзей таксама! Спадзяюся на хуткае пацяпленне, бо зіма была сапраўднай і крыху было холадна. Вось толькі лісты ад родных сагравалі ў мароз», — напісаў Мікалай.
Гродзенка распавяла, што ліст дайшоў толькі з трэцяй спробы і праз два месяцы. Мікалай Аўтуховіч утрымліваецца пад вартай у СІЗА КДБ. Адрас для лістоў - Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8, г. Мінск, 220 050.
Экс-палітвязня Мікалая Аўтуховіча затрымалі ў снежні 2020 года. Яго абвінавацілі ў стварэнні «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскай вобласці - падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі. Тэлеканал «Беларусь 1» паказаў сюжэт з ператрусам у доме Мікалая, падчас якога знайшлі гранаты і выбухоўку. Яму прад’явілі абвінавачванне па арт. 289 КК «Акт тэрарызму». Пакуль невядома, па якой частцы артыкула прад’яўленае абвінавачванне.
«Мы нічога не ведаем аб гэтай справе і сутнасць прад’яўленых абвінавачванняў нам невядомыя. Будзем сачыць далей і пасля рабіць высновы», — падкрэсліў у інтэрв'ю каналу, чый сайт прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім, намеснік старшыні ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч.
Разам з Мікалаем затрымалі яшчэ некалькі чалавек. Сярод іх праваслаўны святар Сяргей Разановіч, яго жонка любоў і сын. Таксама па справе праходзіць 59-гадовая Галіна Дзербыш з Абухава.
Мікалай Аўтуховіч — ветэран афганскай кампаніі, прадпрымальнік і дэмакратычны актывіст з Ваўкавыска. 7 ліпеня 2006 года быў асуджаны на 3 гады і 6 месяцаў з канфіскацыяй маёмасці. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў з нанясеннем шкоды бюджэту ў асабліва буйным памеры, а таксама ў ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці без рэгістрацыі і атрымання ліцэнзіі.
Аўтуховіч быў адным з шасці палітвязняў, якіх вызвалілі ў выніку жорсткіх санкцый ЗША і ЕЗ. Але 8 лютага 2009 года яго зноў затрымалі і ў 2010 г. асудзілі нібыта за захоўванне зброі. Мікалая вызвалілі 8 красавіка 2014 год. Тэрмін зняволення ён адбыў цалкам, паведамляе palitviazni info.
Чытайце таксама:
Будаўніцтва вялікага аб'язнога кальца пачалі яшчэ ў 2012 годзе. Меркавалася, што магістраль вызначыць развіццё горада…
Сістэма заснавана на нейрасетцы. Для яе навучання выкарыстоўвалі базу фатаграфій электронных пропускаў студэнтаў. З дапамогай…
Кітайскія аўтобусы Zhong Tong на 53 пасажыры замянілі частку маршрутак на рэйсах Гродна-Мінск. Перавозкі ажыццяўляе…
Ліцэнзіі пазбавілі гродзенскага адваката Аляксандра Басалая. На думку Кваліфікацыйнай камісіі, Басалай не можа працягваць працу…
Двухпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Рамонт у ёй выкананы ў светлых адценнях з…
З 1 студзеня 2025 года можна будзе перасякаць граніцу Беларусі ў пунктах пропуску на тэрыторыі…