Заява гісторыкаў «Наш сцяг» накіраваная ў Генпракуратуру, парламент і Інстытут гісторыі НАН. Яе падпісалі 21 доктар навук, 108 кандыдатаў і PhD. Сярод іх гісторыкі з Беларусі і іншых краін. Аб гэтым напісаў у Facebook гродзенскі гісторык Алесь Смалянчук.
Заяву падпісалі больш за тры тысячы чалавек. Зварот задумваўся як заява ад гісторыкаў, таму на сайце пакінулі подпісы толькі гісторыкаў, краязнаўцаў, прадстаўнікоў гуманітарных і сацыяльных навук, патлумачыў Алесь Смалянчук.
Што за зварот?
Бела-чырвона-белы сцяг з’яўляецца нацыянальным і дзяржаўным беларускім сімвалам, адзначаюць гісторыкі ў звароце. Ён быў ухвалены ў 1917 годзе ўсімі беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі і стаў дзяржаўным у 1918 годзе. У верасні 1991 ён стаў дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь, а ў 1994 годзе менавіта пад ім прыносіў прысягу новаабраны прэзідэнт Лукашэнка.
Выкарыстанне калабарантамі нацыянальных сімвалаў у часы Другой святовай вайны было звычайнай справай у Еўропе і не можа весці да іх дыскрэдытацыі, лічаць гісторыкі. За мінулае стагоддзе бела-чырвона-белы сцяг стаў духоўным набыткам і маральнай каштоўнасцю для мільёнаў беларусаў, незалежна ад іх палітычных поглядаў.
— Сённяшняя афіцыёзная прапагандысцкая кампанія па дыскрэдытацыі і забароне нацыянальнага і дзяржаўнага сімвала Беларусі бела-чырвона-белага-сцяга не мае ніякага гістарычнага абгрунтавання, вядзе да расколу грамадства і распальвання варажнечы паміж грамадзянамі Беларусі. Арганізатары і ўдзельнікі гэтай кампаніі павінны панесці адказнасць не толькі перад судом гісторыі, але і юрыдычную, — заявілі гісторыкі.
Чаму зварот з’явіўся?
Генеральная пракуратура рыхтуе пакет дакументаў аб прызнанні бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім, паведамляў тэлеканал «Беларусь 1» 29 студзеня. Пракуратура спаслалася на зварот «больш за сотні грамадзян Беларусі», занепакоеных тым, што падчас Другой сусветнай вайны гэты сцяг «стаў сімвалам зверстваў на беларускай зямлі».
Петыцыя супраць прызнання сцяга экстрэмісцкім з’явілася ў той жа вечар. Падпісанты патрабавалі спыніць пераслед за гістарычны сцяг і прызнаць яго гісторыка-культурнай спадчынай. 5 лютага петыцыю накіравалі ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Генеральную пракуратуру і Міністэрства ўнутраных спраў. Пракуратура ўдакладніла, што прызнанне матэрыялаў экстрэмісцкімі ажыццяўляецца судом у адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». У Міністэрстве культуры не ўбачылі падстаў для ўключэння бела-чырвона-белага сцяга ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Чытайце яшчэ:
- Уцякаць, зводзіць ці набіць яшчэ адну. Уладальнікі БЧБ-татуіровак, — пра магчымае прызнанне такой сімволікі экстрэмісцкай
- 20 000 белорусов просят прекратить преследование за бчб и признать его историко-культурным наследием
- Лукашенко: «Портретов Лукашенко под бчб-флагами не было. Мы уберем эту фашистскую символику»
- «Я ненавижу вранье». Гродненка напомнила Лукашенко, под каким флагом он принимал присягу