Эфір з кіраўніком прэс-службы гродзенскай міліцыі Яўгенам Дудко не будзе апублікаваны, паведаміла радыё s13.live у сваім чаце. Дудко быў госцем праграмы Дзмітрыя Чэкана раніцай 2 лютага. Многія гродзенцы не маглі слухаць жывы эфір і прасілі радыёвядучага выкласці потым запіс. Але УУС забараніла гэта рабіць без тлумачэння прычын.
Адначасова эфір з Дудко слухалі каля 1500 карыстальнікаў, паведамілі Hrodna.life на радыё.
Падчас эфіру кіраўнік прэс-службы УУС Гродзенскага аблвыканкама Яўген Дудко не стаў адказваць на нязручныя пытанні, звязаныя з палітыкай.
Адзін з чытачоў Hrodna.life захаваў эфір: ён запісваў яго на дыктафон і пасля перадаў у рэдакцыю. Запіс доўжыцца 54 хвіліны.
Што казаў Дудко?
У Instagram акаўнце радыёвядучага Дзмітрыя Чэкана гродзенцы да пачатку эфіру задалі прадстаўніку УУС больш за сотню пытанняў. Многія паўтараліся. Госць загадзя папярэдзіў, што не будзе адказваць на тыя, што звязаны з палітыкай. На многія іншыя не самыя зручныя пытанні Яўген Дудко адказваў проста: «Давай далей».
У ходзе эфіру, які заняў каля гадзіны, Яўген Дудко па сутнасці адказаў прыблізна на 20 пытанняў.