39-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка ў Гродне абвінавацілі ва ўжыванні гвалту да людзей, якія зафарбоўвалі бел-чырвона-белыя палосы на тратуары. Пракуратура Гродна накіравала ў суд крымінальную справу аб хуліганстве.
Па версіі пракуратуры, гродзенец 14 снежня 2020 года па вул. Агінскага ў Гродне ужыў гвалт да мужчыны і жанчыны, якія зафарбоўвалі бел-чырвона-белыя палосы на тратуарнай плітцы. Ён схапіў пацярпелых за рукі і вопратку, пачаў штурхаць іх з боку ў бок, стаў душыць жанчыну за шыю, сарваў з твару мужчыны медыцынскую маску. На думку пракуратуры, ён праявіў яўную непавагу да грамадства і дэманстраваў сваю фізічную перавагу.
Паводле ч.1 арт. 339 КК гродзенцу пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.