Да нашых сяброў з брэсцкага выдання “Бінокль” сёння прыйшлі супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю. Спачатку прыйшлі з аглядам дадому да выдаўца і да дырэктара, потым паехалі ў офіс. У выдаўца забралі тэхніку і тэлефоны, з офіса дакументы. Дырэктара завезлі ў ДФР на апытанне.
Паводле папярэдняй інфармацыі, агляды ў кватэрах праводзілі ў рамках праверкі за нявыплату падаткаў у асабліва буйным памеры.
“Бінокль” – адно з тых выданняў, сяброўствам з якім ганарыцца рэдакцыя Hrodna.life. Гэта адзін з найлепшых у Беларусі рэгіянальных сайтаў са смелай, творчай, прафесійнай камандай. “Бінокль” збіраў звесткі пра пацярпелых ад сілавікоў у жніўні, сачыў за пратэстамі нават позьняй восенню, вывучаў гісторыі затрыманых і асуджаных. Гэта блізкае нам па духу і пазіцыі выданне, якое, як і мы, стараецца рабіць свой горад лепшым месцам для жыцця.
Мы захапляемся калегамі і ў кожнай сітуацыі падтрымліваем іх, бо братэрства і салідарнасць – найважнейшыя рэчы для журналістаў ва ўсім свеце.
Мы патрабуем адкрытага і галоснага расследавання справы. Бо пераследаваць журналістаў нельга! Наша праца – паведамляць факты, нават калі яны камусьці не падабаюцца. Як пісаў Джордж Оруэл: “Калі свабода наогул нешта значыць, то гэта права казаць іншым тое, чаго яны не хочуць чуць”.



