22 студзеня ў Слонімскім раённым судзе абвясцілі прысуд Кацярыне Салевіч. Яе звінавацілі па арт. 369 КК — Абраза прадстаўніка ўлады, піша harodniaspring.org.

Дзяржабвінавачанне прастаўляла Юлія Ягоўдзік. Яна, з улікам характарыстык на Салевіч і таго, што яна мае малалетняе дзіця, прапаноўвала пакараць Салевіч на 1 год і 6 месяцаў абмежавання свабоды без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Справу разглядаў суддзя Аляксандр Ярмолік. Ён прысудзіў Кацярыне Салевіч адзін год абмежавання волі (так званая «хатняя хімія»). Салевіч таксама абавязана выплаціць пацярпеламу 1000 рублёў маральнай кампенсацыі, а таксама 87 рублёў дзяржпошліны.

У Слоніме за абразу супрацоўніка міліцыі судзяць маці ў дэкрэце

Слова ў каментары прызналі «грубым»

Кацярыну Салевіч звінавацілі ў тым, што 25 жніўня яна наўмысна публічна абразіла прадстаўніка ўлады ў Telegram-канале «Слоним для жизни». Пацярпелым прызнаны міліцыянт АМАП ГУУС Мінгарвыканкама старшы сяржант міліцыі Сяргей Асколкаў, фатаграфію і асабістую інфармацыю якога яна рэпостнула. Паводле матэрыялаў следства, пад рэпостам дзяўчына размясціла паведамленне «з тэкстам абразлівага зместу, якія прыніжае гонар і годнасць Асколкава».

У матэрыялах таксама пазначана, што эксперт аддзела лінгвістычных экспертыз УГСКЭ РБ па Гродзенскай вобласці прызнаў адно са слоў у паведамленні «грубым, вульгарным, абразлівым».

Амапавец абяцаў перавесці грошы дзецям

22 студзеня сяржант АМАП Асколкаў хадайнічаў, каб суд быў закрытым, бо ён баіцца разгалошвання асабістых дадзеных. Але суд гэтае хадайніцтва адхіліў. Раней паміж сабой Салевіч і Асколкаў знаёмыя не былі. Салевіч, як адміністратар Telegram-каналу «Слоним для жизни» пакінула ў адным з сваіх допісаў характарыстыку прадстаўніку АМАП, з чаго і ўзнікла справа. Салевіч не адмаўляла, што яна зрабіла такі запіс у сацсетцы, падпісаўшы яго нікам «Парацетомол». У гэтай частцы яна прызнала сваю віну. Але яна не лічыць, што нейкім чынам распаўсюдзіла асабістыя звесткі міліцыянта.

Сяргей Асколкаў на працэсе заявіў, што ён і яго родныя перацяпелі значныя маральныя пакуты і заявіў пазоў кампенсацыі на 3000 рублёў. Гэтыя грошы ён абяцаў перавесці на рахунак «Дома малюткі».