Дзмітрыя Іванова (прозвішча зменена па просьбе героя) асудзілі на два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы. Папулярная назва такога пакарання — «хатняя хімія». Яго судзілі па арт. 368 КК — «Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
Дзмітрыю 39 гадоў, ён жанаты, працуе ў сферы паслуг — рамантуе грузавыя аўтамабілі. У сярэдзіне жніўня Іваноў, будучы п’яным, патэлефанаваў у міліцыю і падчас размовы дапусціў абразу прэзідэнта. Праз некалькі дзён прыйшоў участковы і ўзяў з яго тлумачэнне. Крымінальную справу завялі паводле арт.369 КК.
Прысуд абвясцілі ў судзе Ленінскага раёна Гродна 6 студзеня. Справу разглядалі на закрытых судовых пасяджэннях. Зміцер не змог расказаць аб разглядзе справы, бо даў падпіску аб неразгалошванні.
Прысуд уступіў у законную сілу, на ўлік Дзмітрыя яшчэ не паставілі. З 19.00 да 6.00 ён павінен знаходзіцца дома і адчыняць дзверы міліцыянтам. Па словах Дзмітрыя, яго лад жыцця «ні кропелькі» не змяніўся. «Як сядзеў дома пасля працы, так і сяджу», — распавёў ён Hrodna.life.
Якія абмежаванні ёсць на «хатняй хіміі»
Асуджаны абавязаны быць працаўладкаваны і не дапускаць пры гэтым парушэнняў працоўнай дысцыпліны і грамадскага парадку. Пасля ўстаноўленага часу асуджаны абавязаны пастаянна знаходзіцца дома, у тым ліку ў выхадныя і святочныя дні. Да яго ў любы час сутак могуць прыйсці з праверкай дадому або на працу. Таксама асуджаным забаронена наведваць месцы масавага адпачынку, забаўляльныя мерапрыемствы, жыллё іншых асоб. Таксама ім нельга ўжываюць спіртныя напоі. Іншыя абмежаванні могуць прымяніць, зыходзячы з асобы асуджанага.
Прысуд Дзмітрый абскарджваць не будзе. Шкадуе аб зробленым. «Не ведаў пра такую артыкул. Ведаў бы — у жыцці не зрабіў такую лухту. Але няведанне не вызваляе ад адказнасці».
Як яшчэ жыхароў вобласці пакаралі за абразу ўлады?
23 кастрычніка 2020 года. У Гродне асудзілі Юрыя С. за паведамленне з негатыўнай ацэнкай і ненарматыўнай лексікай у дачыненні да генерал-маёра міліцыі Юрыя Караева, на той момант — міністра ўнутраных спраў. Гродзенца прызналі вінаватым і асудзілі на два гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову.
23 снежня 2020 года. Юрыя Панасюка з Гродна прысудзілі да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову за абразу прэзідэнта. Такое рашэнне вынес суд Ленінскага раёна 23 снежня на закрытым судовым пасяджэнні. Юрыя Панасюка абвінавацілі ў тым, што са жніўня 2019 года па ліпень 2020 ён рабіў ВКонтакте рэпост фота з выявай Аляксандра Лукашэнкі і надпісамі, якія змяшчаюць, па версіі Следчага камітэта, абразу.
29 снежня 2020 года. У Навагрудскім раённым судзе вынеслі прысуд па справе аб масавых беспарадках двум жыхарам Навагрудка: Уладзіміру Гароху і Дзянісу Кірэшчанку. Гароха судзілі яшчэ і за публічную абразу прэзідэнта Беларусі. Прысудзілі: 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму Гароху і 1,5 года калоніі агульнага рэжыму Кірэшчанку.
18 студзеня 2021 года. У судзе Астравецкага раёна мясцовага жыхара асудзілі на год і тры месяцы пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Яго асудзілі за пакінутыя восенню 2020 года абразлівыя каментары ў адрас Лукашэнкі і Караева ў Telegram.