Любоў Сарлай — гродзенка, маці ў дэкрэце. У нядзелю яна выйшла прагуляцца па Гродна. Надзела цёплыя штаны з бела-чырвонымі лампасамі, узяла каву, разгаварылася па дарозе з жанчынай. Яны ўдзвюх ішлі ў бок Моладзевага цэнтра, калі ззаду падбег АМАП і папрасіў прайсці ў бус, піша «Наша Н**а».
«У пратаколе напісалі, што я ўдзельнічала ў пікеце, крычала „Жыве Беларусь“. Але міліцыянт ад рукі яшчэ складаў тлумачальную — там было пра колер штаноў, які парушае грамадскі парадак. Я здзівілася: што, такое цяпер у дакументах пішуць?» — расказвае жанчына.
Ноч яна са знаёмай правяла ў ІЧУ. Суд па скайпе адбыўся ў панядзелак.
«Суддзя цікавіўся маім адзеннем. Пытаўся, якога колеру на мне была куртка, якога колеру шарф. На штанах — гэта заводскі малюнак. Я казала: можаце ўзяць і паглядзець, што лампасы я не сама нашывала. Штаны ў мяне з 2014 года, я ў іх яшчэ цяжарная хадзіла, раней пытанняў не было. Яны якраз для халадоў».
У Любові двое малых дзяцей — 2 і 6 гадоў, таму суткі ёй даць нельга. Суддзя Руслан Гурын выпісаў штраф у 20 базавых (580 рублёў). Тое ж прысудзілі і жанчыне, якую затрымалі разам з Любоўю. Штаны не канфіскоўвалі.
Гродзенку, дарэчы, судзілі не ў першы раз. Было паседжанне пасля затрымання ў кастрычніку, а таксама па фота ў інстаграм. Але ў абодвух выпадках суд жанчыну апраўдаў.
Затрыманні за адзенне — норма?
Затрыманні за адзенне адбываліся ў Беларусі і раней пасля выбараў прэзідэнта 9 жніўня. У жніўні жыхарку Брэста затрымалі проста на працы, без тлумачэнняў прычын. На ёй была белая сукенка з чырвонай паласой.
У кастрычніку 2020 года ў Гомелі затрымалі жанчын за тое, што тыя «ўскладалі кветкі без дазволу гарвыканкама да помніка Сускевичу ў адзенні палітычнага колеру» (гэта быў помнік Ірыне Паскевіч). На фота бачна, што адна з іх апранутая ў чырвоную сукенку, на другой — чырвоны жакет.
У нядзелю, 17 студзеня, у Гродне затрымалі чатырох чалавек. Сярод іх быў Валер Загорскі, бізнесмен і мецэнат, генеральны дырэктар СТАА «Квинфуд» — буйнога вырабніка кансерваў, вядомага за мяжой. Паводле інфармацыі аднаго з замежных тэлеканалаў, мужчыну затрымалі за маску з выявай «Пагоні».